“Лепшыя сябры дзяўчат – гэта дыямэнты?”

Тое калісьці сказала Мэрылін Манро. А ў нас гэтае сяброўства пашырылася, і дыямэнт цяпер мусіць быць сябрам кожнага беларуса. Скарбніца ведаў – Нацыянальная бібліятэка – будавалася намаганьнямі ўсяе краіны. А ў зьмешчаным звонку дома насупраць пажаданьні “Квітней, родная Беларусь” нарэшце зьявілася коска перад зваротам.

Калі так пойдзе і далей, мы станем самай "адукаванай" нацыяй у сьвеце :).

Увогуле, нешта містычнае адбываецца зь літарамі блізу бібліятэкі.

Да нацыянальнай бібліятэкі?

Што ж гэта за разрэклямаваны цуд са шкла і бэтону? Шмат гісторыяў, чутак гуляе вакол Нацыяналкі. Таму, хто куды ў вольны час – а мы ў бібліятэку. Тых студэнтаў, якія яшчэ там ня былі, мы запрашаем з намі ў віртуальнае падарожжа. 

Як патрапіць у "вялікае, чыстае, сьветлае"

Першыя спробы прарвацца на тэрыторыю Нацыяналкі мы зрабілі ў нядзелю – але не пашанцавала :(. Бібліятэка не працавала. Агулам яна павінна працаваць да шостай, але менавіта гэтая нядзеля стала чамусьці выключэньнем…

У панядзелак бібліятэка працуе да дзевятай. У гардэробе трэба пакінуць усе рэчы, у тым ліку друкаваную прадукцыю і здымачы. Ноўтбукі дазваляецца браць з сабой, таму гэты артыкул пішацца непасрэдна на месцы – у буфэце бібліятэкі, за кубачкам кавы :).

Рэгістрацыя заняла 18 хвілінаў. З сабой трэба мець пашпарт і студэнцкі. Здымак яны скануюць з дакуманта. На пропуску з Касіным тварам чамусьці атрымалася белая пляміна. Але, натуральна, заплаціўшы пяць тысячаў, хочацца бачыць сябе прыгожай. Па просьбе супрацоўніца замяніла пропуск. Што да абслугі, то нам людзі трапляліся ветлівыя – моўных бар'ераў не заўважана ;). 

Назіраньні за людзьмі і дасьледваньне "дадатковых" сэрвісаў скарбніцы

У чарзе з намі стаялі хлопцы з Акадэміі МУС. У бібліятэку яны трапілі прымусова-дабраахвотна – за наведваньне выкладчык абяцаў паставіць "восем" ;).

Функцыі Нацыяналкі не абмяжоўваюцца выдачай кніг і буфэтам. Побач з намі малады чалавек спартовага выгляду аплочваў за штосьці 60 000 (!). Мы зацікавіліся: апынулася, што ў будынку разьмяшчаецца трэнажорная заля, салярый і саўна і шмат чаго іншага…

Натоўпу ў залях не назіралася. Акрамя звычайных месцаў для працы – шмат утульных крэслаў, можна нават прынесьці гарбаты ці кавы з буфэту і пасядзець зь любімай кнігай. Мы праглядзелі электронны каталёг – шукалі як клясычную беларускую літаратуру, так і сучасныя творы. Збольшага, усё знайшлі. Замова на кнігу робіцца праз электронны каталёг, чакаць давядзецца паўгадзіны. Ёсьць кнігі на вольным карыстаньні. Але, на жаль, браць літаратуру з сабой нельга.

Тым студэнтам, якія ня вельмі прагнуць ведаў у Нацыяналцы, раім – набывайце чытацкі білет – і ў буфэт. Дзе яшчэ вы знойдзеце гарбату за 110 рублёў і салату з сыру і морквы за 1150? :)))

Прынамсі, на вялікім вадкакрысталічным экране замест запісаў канцэртаў Моцарта ці Шастаковіча – шэдэўры MTV.

Дзень у Нацыяналцы – чытво, саўна, ніякай аські і танная гарбата

Такім чынам, у бібліятэцы можна правесьці цэлы дзень – прыносіш лэп-топ (альбо карыстаесься тутэйшым кампутарам), замаўляеш патрэбную табе літаратуру і кубачак гарбаты ў буфэце і спакойна працуеш сабе да абеду. Пасьля адкладаеш усе справы і йдзеш у рэстарацыю. Потым можна расслабіцца ў салярыі (больш экстрэмальны варыянт – саўна), а затым працягваеш працу. Калі спатрэбіцца інтэрнэт – ёсьць цудоўная магчымасьць, так мовіць, “на халяву” карыстацца інтэрнэтам. Халява, безумоўна, адносная: толькі гадзіна ў дзень, прычым катэгарычна забараняецца ня толькі праглядаць порнасайты (барані Божа – пампаваць “вясёлыя карцінкі”), але і карыстацца сваёй электроннай поштай, любымі форумамі, аськамі і іншымі сучаснымі інтэрактыўнымі штукамі, якія яднаюць зь віртуальным сьветам.

Але мяркуючы па колькасьці жадаючых зрабіць здымак каля гэтага цуда дойлідзтва, Нацыянальная бібліятэка выйшла ў лідэры, пакінуўшы ззаду чыгуначны вакзал і Палац Рэспублікі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0677 seconds.