Стартавалі Дні Швэцыі ў Беларусі

Дні культуры Швэцыі ў Беларусі распачаліся 17 траўня з прэзэнтацыі кнігі «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў» Андрэя Катлярчука. Перад тым, як на сцэне тэатру Зьніч, што ў Чырвоным касьцёле ў Менску, непасрэдна зьявіўся сам аўтар, у «падарожжа» па сярэднявеччу гасьцей запрасіў гурт Стары Ольса. Прадмову зрабіў Стэфан Эрыксан – консул Швэцыі ў Беларусі, шырока вядомы, між іншым, сваім цудоўным веданьнем беларускай мовы.

Ён нават сам перакладаў песьні NRM на швэдзкую мову. Спадар Эрыксан падкрэсьліў лёгіку гэткага пачатку дзён культуры Швэцыі, бо кожны народ мусіць перш за ўсё імкнуцца вывучаць сваю гісторыю. Агульная гістарычная спадчына Беларусі і Швэцыі стварае неабходную прастору для супрацоўніцтва і сяброўства нашых краінаў.

Кніжка друкуецца ўжо другі раз. Сам Катлярчук бывае на Беларусі ўсяго раз-другі на год. Кніга навукова-папулярная. Ня трэба быць адмыслоўцам, каб прачытаць яе – дастаткова мець цікавасьць да роднай гісторыі. Кніга напісана проста і цікава, але ў той жа час вельмі інфарматыўна.

Аўтар выказаў спадзяваньне, што калі-небудзь хто-небудзь возьмецца паводле гэтай працы зрабіць дзіцячую кніжку пра вікінгаў на Беларусі.

А сам ён зараз працуе над пошукам ... жанчынаў! Беларускіх жанчынаў, якія паўплывалі ня толькі на лёс сваёй радзімы, але і на лёс іншых земляў. І такіх гераіняў у нашай гісторыі шмат.

Generation.by й надалей будзе сачыць за імпрэзамі ў межах Дзён культуры Швэцыі.

Так, 24 траўня адбудзецца прэзэнтацыя яшчэ адной кнігі: «Ёнатан з гары чаек» Енца Албома. Гэта прыгожае і пяшчотнае апавяданьне пра маленькага хлопчыка, які нарадзіўся без крылаў у краіне, дзе ўсе мусілі ўмець лятаць. 

Сустрэцца з аўтарам можна будзе а пятай гадзіне у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (пр. Газэты Праўда, 20)

30 тарўня 2 чэрвеня, Літаратурна-музычныя дні 2007
На Літаратурным аўтобусе па маршруце Менск – Гародня – Пінск – Менск будуць падарожнічаць швэдзкая літаратары: пісьменьніца Астрыд Тротцыг і паэты Эрык Берквіст і Клаўдзія Маркс, а таксама шэраг беларускіх пісьменьнікаў ды музыкантаў.

7-10 чэрвеня, Фэстываль сучаснага швэдзкага кіно

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0672 seconds.