Што амэрыканскай моладзі для шчасьця трэба?

Сэкс, наркотыкі, рок-н-рол або сям’я, каханьне, сябры? Апытаньне амэрыканскай моладзі дало нечаканыя вынікі: шчасьлівымі людзей ва ўзросьце ад 13 да 24 робяць не грошы, вечарыны альбо тачкі, а «простыя рэчы, простыя словы».

Бацькі чакалі, што іх дзеткі адкажуць штосьці кшталту «сэкс, наркотыкі, рок-н-рол», або на скрайняк крыху гатоўкі або ключы ад аўто.

А тут самы папулярны адказ – бавіць час зь сям’ёй. Такі вынік атрымаўся падчас апытаньня 1280 чалавек ва ўзросьце ад 13 да 24. Апытанка ад Associated Press і MTV складалася са ста пытаньняў. Мэта – вызначыць, што робіць амэрыканскую моладзь шчасьлівай.

ШЧАСЬЦЕ – ГЭТА…

«Гэта агульная адсутнасьць стрэсавага стану, калі я ні пра што не клапачуся…», выпускніца каледжу, 23 гады.

«Проста прачнуцца зранку і падумаць, чым я буду сёньня займацца», - школьнік, 17 год.

«Усяго толькі граць на трамбоне ў школьным аркестры», - школьнік, 14 год.

ПЫТАНЬНІ СЯМЕЙНЫЯ

20 адсоткаў – і гэта самы высокі паказчык – адказалі, што больш за ўсё шчасьця прыносіць сям’я. Пры гэтым 73 адсоткі лічаць свае адносіны з бацькамі вельмі добрымі.

На другім месцы сябры і іншыя істотныя ў жыцьці рэспандэнтаў людзі.

Пры тым сярод падлеткаў 13-17 гадоў, 64 адсоткі з тых, чые бацькі жывуць разам, прачынаюцца шчасьлівымі, у параўнаньні з 47 адсоткамі ў сем’ях, дзе бацькі разышліся.

КОЛЬКІ СЛОВАЎ ПРА КАХАНЬНЕ

Канешне, рамантычныя адносіны – гэта крыніца шчасьця, але яны не абавязкова прыводзяць да ўсеагульнага шчасьця па жыцьці.

«Было б здорава, але на дадзены момант я хачу клапаціцца пра сябе,» - кажа маладая дзеўчына Разалі наконт рамантычных адносінаў. «Да таго, як завесьці сур’ёзныя адносіны зь кімсьці, трэба зразумець хто ты сам па жыцьці і што ты ад яго хочаш.»

Аднак, шлюб – мэта для большасьці маладых людзей. 92 адсоткі адказалі, што яны дакладна або верагодна зьбіраюцца ажаніцца/выйсьці замуж. Як кажа адна са студэнтак:

«Я не хачу пераўтварыцца ў адну з тых кар’ерыстак, якія нават ніколі і не прысядуць.»

СЭКС

Сэксуальнае жыцьцё робіць 13-17-гадовых людзей менш шчасьлівымі. Пасталеўшы, людзі пачынаюць адчуваць шчасьце ад сэксу, аднак непасрэдна падчас, а не па жыцьці агулам.  

MONEY, MONEY, MONEY

Грошы, мажліва, і правяць сьветам, але шчасьце ня ў іх – гэта кожнаму вядома. Амаль ніхто не пазначыў, што «нікчэмны мэтал» робіць яго шчасьлівей. Пры гэтым, грошы адыгрываюць пэўную ролю ў пачуцьці шчасьця.

Амэрыканская моладзь згодна са старой ісьцінай: «шчасьце - ня ў грошах, а ў тым, што на іх можна набыць».

СТРЭС І СТРАХІ

Моладзь у гэтым дасьледваньні мае ўзровень стрэсу на 10 адсоткаў вышэйшы, чым дарослыя ў аналягічным дасьледваньні ў 2006.

Для 13-17-гадовых падлеткаў асноўнай крыніцай стрэсу зьяўлецца школа. У больш старэйшых маладых людзей галава баліць ад фінансавых і працоўных пытаньняў.

Толькі 29 адсоткаў не хвалюецца падчас вандровак, а 25 адсоткаў не баіцца тэрарыстычных атак.

НАРКОТЫКІ І РОК-Н-РОЛ

Ня будзем паглыбляцца ў лічбы – важна сутнасьць: тыя, хто ня пье і не ўжывае наркотыкаў – больш шчасьлівыя людзі.

РЭЛІГІЯ

Таксама даволі прадказальна – тыя, для каго вера – істотная частка жыцьця (а такіх 55 адсоткаў), больш шчасьлівыя людзі.

О, МОЙ ГЕРОЙ!

Опра, Майкл Джордан, Хілары Клінтан – гэтыя імёны можна сустрэць у графе «ваш герой». З грамадзкіх дзеячаў найбольшай папулярнасьцю карыстаецца Марцін Лютэр Кінг. Аднак палова рэспандэнтаў запісала ў свае героі бацькоў (29 адсоткаў захапляюцца сваімі маці, 21 – татамі).

Сярод герояў таксама былі: Бог (10 адсоткаў), настаўнікі (5 адсоткаў), а таксама вайскоўцы, паліцэйскія і пажарныя.

Вось такія яны, амэрыканскія героі і прастое амэрыканскае шчасьце. А што робіць шчасьлівым вас?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1 seconds.