У Менску не хапае працоўных

Згодна статыстыцы, у горадзе працуе 1 млн 9 тысяч чалавек. Пры гэтым у службе занятасьці - 25 тысяч вакансіяў, зь якіх 19 тысяч - на рабочыя спэцыяльнасьці.

Куды ні глянеш у горадзе Мінску, паўсюль штосьці будуецца, прыбіраецца, перасоўваецца. Хто б падумаў, што сталіцы не хапае працоўнай сілы. Як паведамляе Менскгарвыканкам,  да канца году колькасьць працуючых гараджан неабходна павялічыць на 8 тысяч чалавек.

У дадзены момант, згодна статыстыцы, у сталіцы працуе мільён 9 тысяч жыхароў. Асабліва патрэбны гораду рабочыя. Сёньня ў базе дадзеных службы занятасьці 25 тысяч вакансій, зь іх 19 тысяч – рабочыя спэцыяльнасьці, чвэрць якіх – будаўнічыя.

Магчыма, таму і не хапае студэнтам месцаў у інтэрнатах – няма каму будаваць. Хто ж вінават, што рвецца народ за вышэйшай адукацыяй, нават на тле няспыннага павышэньня яе кошту.

З тае нагоды, у дапамогу прадпрыемствам, служба кіраваньня занятасьцю праводзіць шэраг мерапрыемстваў.

2 верасьня ў Цэнтральным парку імя Горкага пройдзе кірмаш вакансій «Знайдзі працу сёньня». З 14 па 17 гадзіну адбудуцца сустрэчы з патэнцыйнымі працадаўцамі і прадстаўнікамі адпаведных службаў і камітэтаў. А каб ад пэрспэктывы знайсьці працу, ды яшчэ і па рабочай спэцыяльнасьці, зусім не прапаў настрой, для беспрацоўных будзе ладзіцца канцэрт беларускіх «зорак», а таксама розныя конкурсы і розыгрышы (глядзіш, пашанцуе, выйграеш чаго – і ня трэба будзе працаваць).

20 верасьня ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў пройдзе гарадзкі кірмаш вакансій. У будучыні такія кірмашы плянуецца ладзіць штоквартал.

Фота з bbc.co.uk

SlaDa 13:26, 23/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.105 seconds.