Сацыяльная рэкляма пра СНІД: Беларусь vs Нямеччына

Антысьнідаўская тэматыка ў рэкляме беларускіх і нямецкіх крэатыўшчыкаў: СНІД таксама клопат царквы альбо фрукты ў прэзэрватывах.

Колькасьць людзей, што жывуць з ВІЧ зараз каля 39,5 мільёна чалавек. СНІД за апошнія дзесяцігодзьдзі стаў вельмі актуальнай тэмай для інфармаваньня розных групаў насельніцтва, пераважна моладзі, у розных краінах сьвету.

Сусьветна  вядомы сымбаль барацьбы са СНІДам – скрыжаваная чырвоная стужка – зьяўляецца амаль ва ўсім рэклямным матэрыяле па барацьбе са СНІДам ў праектах пры падтрымцы Праграмы разьвіцьця ААН і Юнісэф.

Беларусь: «СПИД также забота церкви»

 

У адной зь беларускіх акцыяў сусьветнай кампаніі супраць СНІДу «Спыніць СНІД. Выканаць абяцаньне», што называецца «Я абяцаю», бяруць удзел і беларускія публічныя асобы. Кампанія ладзіцца ў межах праекта Праграмы развіцьця ААН «Прафілактыка і лячыньне ВІЧ/Сніду ў Рэспубліцы Беларусь» у супрацоўніцтве зь Міністэрствам аховы здароўя і фінансуецца Глябальным фондам дзеля барацьбы з СНІДам, туберкулёзам, малярыяй. Дарэчы, чарговая акцыя гэтага праекту «Аўтапрабег «Спыніць СНІД. Выканаць абяцаньне» пройдзе 30 верасьня з 17.00 да 18.00 на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу менскага парку ім. М. Горкага.

Наколькі карыснай можа быць асьветніцкая дзейнасьць некаторых беларускіх зорак у барацьбе супраць СНІДу у нашай краіне, сказаць вельмі складана, а вось піяру ім хапае.

Акрамя ўдзелу Міністэрствам аховы здароўя ў сусьветных праектах па барацьбе са СНІДам, якія фінансуюцца, канешне, не зь беларускага боку, праводзяцца і дзяржаўныя праграмы прафіляктыкі ВІЧ-інфекцыяў. У апісаньні дадзеных праграмаў можна знайсьці збольшага толькі намэнклятурную мову, а ў матэрыялах такіх праграмаў нізкую якасьць працы.

А сьлёган з бігборду «СПИД - также забота церкви» выклікае дакладна неадназначную рэакцыю.

Сацыяльная рэкляма 2002 года супраць СНІДу ў Нямеччыне і Беларусі
 

Нямеччына: Фрукты ў прэзэрватывах 

Ці былі ў Вас моманты, калі праходзячы побач з сацыяльнай рэклямай супраць СНІД/ВІЧ-інфэкцыяў, Вам хацелася спыніцца, разглядзець дакладней карцінку і прачытаць тэкст? Са мной такое здарылася, але, на жаль, не ў Беларусі.

Ідучы па адной з бэрлінскіх вуліцаў мае вочы паглынулі бігборд, на якімі зусім нечакана рэклямавалі прэзэрватывы. І зьдзіўленьнем для мяне было, што рэкляма гэта была не камэрцыйнага характару, а выразна сацыяльнага. Усім вядома, што выкарыстаньне прэзэрватыў называюць адным з галоўных, побач з сьвядомымі дзеяньнямі і рашэньнямі па жыцьці, шляхоў пазьбегнуць зараджэньня ВІЧ-інфэкцыямі.

Крэатыўнае спалучэньне садавіны, розных памераў, колераў і відаў і  апранутых на яе прэзэрватывамі са сьлёганамі «Агульная справа», «Заставацца моцным», «Сродак, каб выжыць», «Займайцеся сэксам бясьпечна» прыцягнулі ўвагу ня толькі мяне, беларускі, у якой «голад» на добрую і якасную рэкляму, тым больш сацыяльную, але і саміх немцаў, ад малога да старога.

 

У тэксьце апошняга слёгану для перакладу «займацца сэксам» ужыта нямецкае слова «poppen», што лічыцца размоўнай, даволі вульгарнай лексыкай, якую ў першую чаргу ўжывае моладзь і мае часта падтэкст гомасэксуальных зносінаў. Усё як мае быць, арганізатары для спробы дасягнуць эфэкт не пагрэбавалі нават размаўляць на мове сваёй мэтавай групы.

Беларуская статыстыка 

Дарэчы, па дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя

«У Рэспубліцы Беларусь на 1 верасьня 2007 года зарэгістравана 8 395 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (паказчык на 100 тысяч насельніцтва склаў 86,8). Упершыню выяўлена ў 2007 году 648 ВІЧ-інфікаваных. Пераважная колькасьць ВІЧ-інфікаваных – гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў. Асноўны шлях перадачы інфэкцыі – парэнтэральны, які рэалізоўваецца пры ін'екцыях наркатычных сродкаў – 61,3% (5142 выпадкаў). Павялічылася колькасьць людзей, інфікаваньне якіх адбылося ў выніку сэксуальных кантактаў (2005 год - 57,2%, 2006 год - 63,4%). За 8 месяцаў 2007 года палавым шляхам інфікавалася - 63,9% (414 выпадкаў).»

Рабі разам! альбо адкуль крэатыў у нямецкіх барацьбітоў са СНІДам 

Плякаты нямецкай рэклямы супраць СНІДу суправаджала і важная інфармацыя, а менавіта, хто арганізатар кампаніі і дзе можна даведацца болей. Гэтая кампанія праводзіцца спэцыялізаванай установай ад Міністэрства аховы здароўя. На афіцыйным лінку можна даведацца ўсё пра кампаніі «Gib Aids keine Chance» («Ня дай СНІДу шанец»).

Тут можна праглядзець як артыкулы па розных тэмах, што тычыцца здароўя, сацыяльныя рэклямныя плякаты, ролікі, напрыклад як правільна карыстацца прэзэрватывам, так і  знайсьці сучасныя адказы на пытаньні – якія моладзь не адважваецца задаць часам наўпрост – ад бясьпечнага сэксу, розных мэтадаў кантрацэпцыі, гетэра- і гомасэксуальнасьці да ананімных кансультацый.

«Мach's mit-Kampagne» («Рабі разам») – гэта мінікампанія ад той, што стартавала ў 1987 годзе, але бадай самая вядомая за гэты час. Як пазначана на сайце «за апошнія 10 год гэта доўгатэрміновая акцыя зрабіла вялікі ўнёсак для пераўтварэньня прэзэрватыва ў прадмет штодзённага карыстаньня і разуменьня, як ў інтымным жыцьці, так і ў грамадзкай сьвядомасьці».

Распрацоўкай сэрыяй фотаплякатаў гэтай кампаніі займаюцца студэнты, а незалежнае журы адбірае лепшую працу. Для чаго? Для асьветы, для друку  75.000 сацыяльных плякатаў, для бігбордаў ва ўсіх мястэчках і гарадах Нямеччыны і 1,5 млн паштовак, якія распаўсюджваюцца бясплатна ў кавярнях, унівэрах, кнайпах.

Хто робіць беларускую сацыяльную рэкляму супраць СНІД?

У Беларусі праблему СНІДу абмяркоўваць таксама спрабуюць і праз рэклямныя сродкі дабірацца да мэтавай аўдыторыі таксама. Праўда, магутных, запамінальных і закранаючых юнацкую сьвядомасьць кампаній супраць СНІДу у Беларусі прыгадаць цяжка.

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу мае некаторыя рэкамэндацыі розным інстанцыям і міністэрствам па супрацьдзеяньню распаўсюджваньня СНІДу.

У сваю чаргу абавязак дзяржаўных інстытутаў быў перакладзены на прыватныя рэклямныя агенцыі, што мусяць пэўны аб’ём сацыяльнай рэклямы рабіць па замове дзяржавы і абсалютна бясплатна. Ня дзіва, чаму на беларускія бігборды ня хочацца зьвяртаць ўвагу.

У абавязках БРСМ, дарэчы, таксама стаіць і прафіляктыка ад СНІДу. Вырашыць праблему распаўсюджаньня СНІДу арганізацыя «беларускіх талентаў» спрабуе канцэртам, дыскатэкай і конкурсамі плякатаў. А можа БРСМ спадзяецца вырашыць праблему росту распаўсюджаньня ВІЧ-інфэкцый публікацыяй канцэпцыі акцыі «СТОП-СНІД»?

Беларускія плякаты супраць СНІД выкладаем без камэнтароў.

 

 

 

P.S. А бывае і так, што рэчаісна паказаная праўда можа паўплываць на чалавека болей, чым прыгожа напісаныя словы раскручаных зорак і дзяржаўных арганізацыяў. На мінулым тыдні ў інтэрнэце шырока і эмацыйна абмяркоўваўся пост блогера zvezdaxl, які зьмясьціў фотасэсію ад Brent Stirton жахлівых, праўдзівых фотаздымкаў па выніках амаль 10-цідзённай вандроўкі па Украіне і сустрэчы з хворымі на СНІД людзьмі.

Фота беларускіх бігбордаў - Зьміцер Язьвінскі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0852 seconds.