Махмуд Ахмадынэджад адказаў на пытаньні амэрыканскіх студэнтаў

У панядзелак прэзыдэнт Ірана сустрэўся са студэнтамі Калюмбійскага ўнівэрсытэту і адказаў, хаця і не на ўсе, іхнія пытаньні. Ключавымі сталі паняткі, якія Ахмадынэджад адмаўляе: халакост, Ізраіль і гомасэксуалізм. Прадставілі прэзыдэнта як «нікчэмнага і жорсткага дыктатара».

Студэнты проста завалілі прэзыдэнта Ірана пытаньнямі. Пры тым, паводзілі сябе даволі сьмела. Упэўніваньні ў мірных намерах іранскай ядзернай праграмы амэрыканскіх студэнтаў цікавілі мала. Ключавым словамі сустрэчы сталі «Ізраіль, халакост, правы чалавека і гомасэксуалізм».

Аўдыторыя ўмясьціла 700 чалавек, 80 адсоткаў якіх складалі студэнты. Дзесяткі былі апранутыя ў цішоткі з надпісам «Спыніце зло Ахмадынэджада». Зразумела, што і ахова была адпаведная.

Тон задаў рэктар Калюмбійскага ўнівэрсытэту Лі Болінджэр, заявіўшы, што Ахмадынэджад паводзіць сябе як «нікчэмны і жорсткі дыктатар», а адмаўленьне халакоста сьведчыць аб ягонай «неадукаванасьці або правакацыйнасьці».

Большасьць пытаньняў рэктара прэзыдэнт Ірана проста праігнараваў.

Асабліва бурную рэакцыю выклікала пытаньне пра гомасэксуалістаў. Ахмадынэджад лічыць беспадстаўнымі абвінавачваньні ў парушэньні правоў чалавека ў Іране, а тым больш — у перасьледзе гомасэксуалістаў.

«У Іране няма гомасэксуалізма. Гэта праблема вашай краіны», — заявіў прэзыдэнт.

Гэты выклікала хвалю сьмеху ў залі. Яму нагадалі, што згодна праваабарончым арганізацыям, гомасэксуалізм у Іране  ня толькі існуе, але за яго яшчэ і караюць сьмерцю.

Таксама студэнтаў хвалявала ізраільскае пытаньне. Раней Ахмадынэджад абвясьціў Ізраіль мэтаю зьнішчэньня:

«Мы не прызнаем гэты рэжым, бо ён грунтуецца на акупацыі і расізьме.»

Незадаволены прэзыдэнт Ірана і рэжымам у саміх Штатах:

«Мы ня згодныя з тым, якім чынам урад ЗША намагаецца кіраваць сьветам. Мы лічым, што ягоныя мэтады няверныя. Яны вядуць да вайны, дыскрымінацыі і кровапраліцьця.»

Тыя, хто ня здолеў патрапіць на сустрэчу з прэзыдэнтам Ірана, разьмясьціліся пад вокнамі ўнівэрсытэцкай аўдыторыі і гучна рэагавалі на словы Ахмадынэджада.

SlaDa 15:11, 25/09/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0636 seconds.