Расейскім студэнтам адзнакі будуць ставіць у электронныя залікоўкі

З 1 верасьня ў адной з расейскіх ВНУ папяровыя залікоўкі заменяць на электронныя. Гэта будзе плястыкавая картка з поўнай інфармацыяй пра студэнта: наведвальнасьць і бягучыя адзнакі. Папераў на іспыце будзе меней, а паставіць адзнаку стане прасьцей.­

Кіраўніцтва Сыбірскага фэдэральнага ўнівэрсытэта (СФУ) вырашыла адысьці ад традыцыі «ад сэсіі да сэсіі жывуць студэнты весела» і перайсьці на рэйтынгавую сыстэму, якая пасьпяхова дзейнічае на Захадзе. 

Усе дадзеныя пра пасьпяховасьць студэнтаў, а таксама наведваньне параў, будуць заносіцца ў электронную залікоўку і адначасова капіявацца на інстытуцкі сэрвэр. Апошняе дазволіць аднавіць картку пры яе страце.

Ці электронныя залікоўкі будуць абавязковымі для ўсіх студэнтаў, ці толькі для першакурсьнікаў, кіраўніцтва ўнівэрсытэту пакуль ня вырашыла. Але ад папяровых заліковак у СФУ вырашылі адмовіцца ўжо ад пачатку новага навучальнага году.

Не пужае ініцыятараў ідэі і магчымасьць хакерскага ўмяшальніцтва: студэнты заўсёды знаходзілі спосабы абхітрыць выкладчыкаў, знойдуць яны і доступ да студэнцкага сэрвэра, каб запісаць туды якія заўгодна дадзеныя. 

Але нягледзячы на такую пагрозу, бліжэйшым часам падобныя залікоўкі зьявяцца і ў іншых ВНУ Расеі ў межах агульнай тэндэнцыі пераходу на электронную дакумэнтацыю ў адукацыйнай сфэры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0675 seconds.