Беларускі шоў-бізнэс на 368 старонках унікальнай «Энцыкляпэдыі беларускай папулярнай музыкі»

Ларыса Грыбалёва, Лявон Вольскі, Gods Tower, Аляксандар Саладуха, Neuro Dubel — пад адной вокладкай у энцыкляпэдыі зьмясьціліся каля 570 выканаўцаў, кампазытараў, паэтаў, прадусараў, кліп-мэйкераў, гукарэжысэраў, выдаўцоў і іншых прадстаўнікоў папулярнай сцэны. Прэзэнтацыя ўнікальнага выданьня прайшла ўчора ў Менску.


Зьміцер Падбярэскі і выдавец Зьміцер Колас на прэзэнтацыі «Энцыкляпэдыі беларускай папулярнай музыкі» 2 чэрвеня ў Graffiti. Аўтар фота - Юра Сідун.

Аўтар канцэпцыі кнігі і адзін з укладальнікаў музычны журналіст Зьміцер Падбярэскі распавёў, што праца над выданьнем вялася 6 год. Але ён ня лічыць, што выкладзеная на старонках інфармацыя самадастатковая, а спадзяецца, што энцыкляпэдыя — гэта толькі першы крок, і ў будучыні будуць выпускацца падобныя даведнікі ці нават створыцца адмысловы сайт.

Каб трапіць на старонкі зборніка, мелася тры ўмовы: стаж прафэсійнай працы — ня меней 5 год, наяўнасьць хоць бы аднаго выдадзенага завадзкім спосабам трэку і наяўнасьць ляўрэацкага месца на конкурсе рангам не ніжэй за нацыянальны.

Пры напісаньні асобных артыкулаў укладальнікі даведніка карысталіся інфармацыяй, атрыманай ад герояў матэрыялаў праз адмысловыя анкеты, а таксама выкарыстоўвалі зьвесткі з адкрытых крыніц.

Зрэшты, сама наяўнасьць такога даведніку, гэта яшчэ адзін аргумант у зацятай спрэчцы, ці існуе ў Беларусі музычны шоў-бізнэс. У прадмове да кнігі Зьміцер Падбярэскі разважае:

«Так, ён ёсьць. Ня будзем абмяркоўваць ягоныя маштабы, якасьць, фінансавы патэнцыял і г.д. Дастаткова будзе ўважліва прааналізаваць сабраную ў гэтым даведніку інфармацыю, каб пераканацца, што станаўленьне і разьвіцьцё айчыннага шоў-бізнэсу адбываецца незалежна ад меркаваньняў і крытыкаў, і саміх выканаўцаў, што гісторыя беларускай папулярнай музыкі налічвае ўжо некалькі дзесяткаў год».

На старонках зборніку можна сустрэць, здавалася б, несумяшчальныя прозьвішчы выканаўцаў ці назовы гуртоў: ад Паліны Смолавай да N.R. M. Але ў канцэпцыю выданьня аўтары якраз і закладалі разуменьне таго, што ёсьць папулярнай музыкай. З аднаго боку, папулярная музыка — гэта від музычнага мастацтва, зьвязаны найперш з камэрцыяй — «эстрада» ці «папса». А ў больш шырокім значэньні папулярная музыка — гэта тое, што карыстаецца папулярнасьцю, нават не ў самых шырокіх колах. Таму ў выданьні ёсьць аўтары і выканаўцы папулярнай песьні, року, джазу, этна і ўолд музыкі, экстрэмальных гатункаў року і экспэрымэнтальнай электроннай музыкі. Усяго каля 570 асобаў і калектываў на 368 старонках.


Зьміцер Падбярэскі ў суправаджэньні «Князя Мышкіна» чытае п'есу Янкі Купалы «На куцьцю». Аўтар фота - Юра Сідун.

Госьці прэзэнтацыі прыдбалі энцыкляпэдыю з аўтографам ад укладальніка. Цяпер набыць кнігу можна ў незалежных распаўсюднікаў, а пазьней - у кнігарнях. Аўтар фота - Юра Сідун.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.