У Беларусі на аблічбоўку бібліятэчных фондаў выдаткуюць каля 1 млн даляраў

Бібліятэчныя фонды ў Беларусі будуць даступныя ў электронным выглядзе, паведаміў намесьнік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, прысьвечанай Дню бібліятэк.

Зараз Міністэрства культуры сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіям абмяркоўваюць пытаньне аб выдзяленьні каля Br2 млрд. 400 млн. на закуп лябараторыі па аблічбоўцы бібліятэчнага фонду. Такое абсталяваньне дазволіць стварыць электронную бібліятэку літаратуры, доступ да якой абмежаваны, напрыклад, старажытных кніг, выданьняў па вузкаспэцыялізаваных кірунках. У выніку шырокае кола чытачоў будзе мець магчымасьць працаваць з унікальнымі крыніцамі.

Віктар Кураш нагадаў, што ў Беларусі праводзіцца інфарматызацыя бібліятэк. Цяпер у аўтаматызаваным рэжыме працуе 98% раённых, цэнтральных гарадзкіх бібліятэк, агулам па краіне гэты паказчык складае крыху больш 28% — 2 тыс. 786 кампутараў усталявана ў бібліятэках. Выхад у Інтэрнэт маюць 76% раённых бібліятэк.

Бібліятэчная сетка ў Беларусі налічае 9,5 тыс. бібліятэк, дзе працуюць 9 тыс. 56 чалавек. Вышэйшую адукацыю маюць 3,5 тыс. супрацоўнікаў, сярэдня спэцыяльную - 4 тыс. 600. 84% бібліятэк знаходзяцца ў сельскай мясцовасьці. Агульны фонд бібліятэк Беларусі складае больш 200 асобнікаў кніг. На закуп новай літаратуры накіроўваецца 15% сумы бюджэтнага фінансаваньня бібліятэк.

Чытацкімі абанэмэнтамі валодаюць 40% жыхароў Беларусі. За апошні год выдадзена 71,2 млн. асобнікаў кніг.

Дзень бібліятэк адзначаецца ў Беларусі 15 верасьня.

Паводле БелТА

16:40, 10/09/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.