Навукоўцы пацьвярджаюць: адзінота прымушае мерзнуць

Так і хочацца ў самотныя хвіліны залезьці пад цёплы плед? Канадзкія навукоўцы выявілі, што пачуцьцё адзіноты падсьвядома прымушае людзей успрымаць навакольную тэмпэратуру ніжэй.

 

Дзеля ацэнкі ўплыву пачуцьця адзіноты на ўспрыманьне тэмпэратуры навукоўцы правялі два экспэрымэнты, паведамляе BBC.

У першым 65 студэнтаў падзялілася на дзьве групы. Адна група атрымала заданьне ўзгадаць нейкі жыцьцёвы эпізод ці выпадак, зьвязаны з адзінотай, напрыклад, выключэньне з клюбу. Іншая група наадварот узгадвала далучэньне да клюбу ці нешта падобнае. Пасьля студэнтаў папрасілі ацаніць тэмпэратуру паветра. У выніку, адзнакі вагаліся ад 12°С да 40°С! І ўдзельнікі першай групы адзначалі больш нізкую тэмпэратуру.

У другім экспэрымэнце студэнтам прапанавалі згуляць у кампутаровую гульню зь мячыкам. Гульню адмыслова запраграмавалі так, што частка ўдзельнікаў атрымлівала падачы значна часьцей за іншых. Пасьля «матчу» студэнтам прапанавалі на выбар каву, халодныя напоі, гарачы суп, яблыкі і крэкеры. Дык тыя гульцы, што былі абдзеленыя падачамі і нібы выпадалі з агульнай каманды, абіралі больш гарачыя каву ды суп, што сьведчыць пра пачуцьцё холаду.

Зрэшты, на думку навукоўцаў, вынікі дасьледваньняў дазваляюць меркаваць і адваротную залежнасьць — пад дзеяньнем цёплага паветра і гарачай ежы пачуцьцё адзіноты зьніжаецца. А калі такая здагадка пацьвердзіцца, то гэта зможа стацца пачаткам «цеплавой тэрапіі» сацыяльнай дэзадаптацыі, як ёсьць сьветлавая тэрапія сэзонных псыхічных засмучэньняў.

Такім чынам, восеньская ці зімовая дэпрэсія якраз і можа быць зьвязаная з паніжэньнем тэмпэратуры. Уключайце абагравальнікі і даставайце цёплыя шкарпэткі!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0648 seconds.