Вясёлыя і нікчэмныя недарэчнасьці тэатральна-музычнага капусьніка

22 студзеня на малой сцэне к/з «Менск» прайшоў вясёлы і дзіўны «Фэстываль нікчэмнасьцяў». Фэст прадэманстраваў самыя розныя сфэры творчых праяваў у цікавым фармаце абсурднага, незвычайнага гумару: тэатральныя мініяцюры чаргаваліся з выступамі музычных і танцавальных калектываў, імправізацыі зьмяняліся падрыхтаванымі кліпамі, аб’яднанымі шчырасьцю і жыцьцёвым пазытывам.

Увесь фэст быў прасякнуты разумнай сатырай на сучасны шоў-бізнэс. Часта акторы самі не маглі вытрымаць такую ў вышэйшай ступені сьмешную абсурднасьць сваіх выступаў і ледзьве стрымліваліся, каб не разрагатацца.

Урачыста адкрываў фэст «Імпэратар сусьвету» — электронны пэрсанаж, падобны на фігуру з сагнутага ў розных месцах кардону. Пасьля ня меней натхнёна ён жа імпрэзу закрываў, спрабуючы знайсьці ў міжгаляктычных прасторах сваю галаву, каб мець магчымасьць з усімі разьвітацца.

Далей было інтэрвію з уладальнікам унікальнага голасу, «які не прайшоў ні на адзін фэстываль і не атрымаў ніводнай узнагароды» з мэтай даведацца, як такое ўвогуле магчыма. Каб такі ўнікальны голас, які невядома, «колькі не зарабляе», ніхто не пазнаў, на сцэну запрасілі актора, які голас зьмяняў. Спалучэньне адсутнасьці голасу і голасу зьмененага да непазнавальнасьці адразу прымусіла залю плакаць ад сьмеху.

Наступным выступаў поп-дуэт пяшчотных хлопцаў з прэтэнзыйным назовам «Пигмалионы», прадставіўшы свой MP3-альбом «Распродажа сердец». Са сваёй апошняй складанкі «Волос ушедшего дня» поп-зоркі выканалі кампазыцыі на тры вечныя тэмы: Новы год, войска і дзень народзінаў. Гімн новаму году гучаў ну вельмі падобным да песьні «Машины времени» «Новый поворот». Толькі замест гэтых аднайменных з назвай словаў прыпеву былі ўстаўлены «Этот новый год». Падача гэтага шэдэўра як бессумнеўнай навацыі яшчэ болей рассьмяшыла залю. У песьні пра войска музыкі выступілі за 4 прызывы замест двух — у кожную паравіну году — і радасна заклікалі далучыцца да іх прапановы.

«Вэтэранамі творчага крызысу» апынуўся праект Івана Боткіна «Мікробы». У нумары Вольга Скварцова і Ганна Хітрык былі нейкімі нерэальнымі малекулярнымі часьцінкамі, якія таньчылі і сварыліся між сабой.

Немагчыма параўнаць ні з чым выступы па-беларуску. Першым на сцэну выйшаў сур’езны калектыў, які не працуе за грошы — выключна «за хлеб» — вясельна-пахавальны ансамбль «Горка». Гук «Г» у назьве зьяўляецца фрыкатыўным з захадам на яшчэ адно выключэньне ў беларускай мове. «Горка», таму што на вясельлі музыкі радасна крычаць «Го-о-рка-а!», і на пахаваньні гэтае слова таксама дарэчы. Аб’яднала музыкаў найперш тое, што жывуць яны ў адным пад’езьдзе. Зьмест кампазыцыяў ансамбля ў стылі частушак арыгінальна спалучаў і радасьць сьвятаў і смутак пахаваньняў адначасова і, адпаведна назьве, амаль кожная заканчвалася фразай: «За здароўе маладых! А на каго ж ты нас пакінуў? Ча-ча-ча!».

Шоў-балет Ганны, Мішы і Зьмітра прадставіў палымяна-жарсны танец у лепшых традыцыях поп-сцэны. Выразы твараў актораў, як у самых велізарных «зорак» на плянэце дадалі яшчэ болей камізму цудоўнай пастаноўцы.

Сарваў авацыі гурт «Сан Шайн», абсалютны склад якога — расейцы, шчыра захопленыя прыгажосьцю беларускай мовы. Кожны ўдзельнік гурта прадстаўляўся і распавядаў, чым выкліканая такая любоў да суседняй мовы. Юры Цьверезняк «не з Расеі, а побачь — з Эміратаў» распавёў, што любіць мову за яе «так кажучі мілагучнасць, памярковнасць і складанае ў». «Явгень з Горада Саранска» паведаміў, што «беларуская мова — другая па прыгажосьці мова ў сьвеце». Праўда, дакладна забыўся, пасьля якой — італійскай ці францускай. Яшчэ былі названыя такія прычыны любові да мовы расейцаў з Ніжняга Тагілу, Волагды і іншых глыбінак: «Размавляць па-беларуску насамреч выкшталцовна і клёва»; «Цікава, бо мова рэдкая, як ягіпецкая»; «Люблю мову за тое, што яе не было, а зараз стала».


Купалінка ў выкананьні «расейцаў Сан Шайн»

Сцэнічным выражэньнем любові «Сан Шайна» да Беларусі стала душэўнае выкананьне ў калектыўным танцы «Купалінкі» і мілае разьвітаньне «Калі што не так, выбачя-я-яйце!».

Лідар гурта «Невмоготу», які працуе ў жанры нэа-шансону распавёў пра свае альбомы «Моей вдове шестьдесят пять» і «Порча» у парчовай вокладцы, а таксама прадставіў свой кліп пра няўдалае каханьне і адзіноту — абсалютна арыгінальны ў сваёй электроннай непасьлядоўнасьці.

Рэп-інквізытары з гурта «Чикки-Бабони» Павал Кутуньё і Міхал Шлёцак імправізавалі на сцэне «для беларусканямовных существ», а «бабушки» Вольга і Ганна дадалі «верха и низа» — т.б. адказвалі за бэк-вакал у нацыянальным стылі.


Рэпэры ўдала на хаду рыфмавалі фразы і заклікалі гледачоў падкідваць тэмы, пажадана называць які-небудзь вядомы пэрсанаж для абмеркаваньня. Але людзі з залі не знайшлі ніякай канкрэтнай асобы і нечакана-чаканымі тэмамі рэп-бойкі сталі, відаць, ненаўмысна выкрыкнутыя «рыбкі» і «крызыс». Акторы бліскуча справіліся з разьвіцьцём абмеркаваньня абодвух словаў.

Вольга і Ганна запрасілі «двух чалавекаў — двух маладых чалавекаў і адну дзяўчыну» з залі паўдзельнічаць у іх першым супольным праекце — мюзікле з дэманічным назовам «Чёртово колесо любви».


Сам працэс падрыхтоўкі і рэпэтыцыі з навічкамі быў такім сьмешным і захапляльным, што назіраць за ім было суцэльным задавальненьнем. У выніку пад час фінальнага прагляду новасьпечаныя акторы выдатна сьпявалі і таньчылі, дзейнічаючы згодна з пацешным сцэнаром трохкутнага каханьня.


Ангельскамоўны «real musical «Colobok» і выступ гурта «Последние свечи» завяршылі разнастайныя рознасьці капусьніка. Пад час мюзікла акторы таньчылі, сьпявалі і размаўлялі па-ангельску, як у сапраўдных папулярных амэрыканскіх пастаноўках, і — па-беларуску, каб вярнуць у нашыя рэаліі.

Як распавяла Generation.bY канцэрт-мэнэджэр прадусарскага цэнтру «Пан-студыя» Алена Козуб, фэстываль акторы і арганізатары рыхтавалі на працягу чатырох месяцаў, імкнучыся рэалізаваць свае незвычайныя і шматлікія творчыя ідэі. Плянуецца такія фэстывалі праводзіць рэгулярна, таму што гэтая імпрэза «атрымалася, вельмі спадабалася і сабрала цэлую залю гледачоў, чаго самі арганізатары нават і не чакалі». «Чакаем на новыя ідэі нашых аўтараў», — весела дадала Алена.

Удзельнікі:

  • Ганна Хітрык, акторка тэатру імя Я.Купалы, вакалістка гурта «ДзеціДзяцей»
  • Міхал Зуй, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
  • Зьміцер Ясеневіч, актор тэатру імя Я.Купалы, гітарыст гурта «ДзеціДзяцей»
  • Вольга Скварцова, акторка тэатру сучаснага танцу D.O. Z. Sk. I
  • Сяргей Кавальскі, актор клоўн-праекту «ЛЮДИ С НОСОМ» («Лунатики»)
  • Павал Кутуньё, вольнавызначэнец
    і іншыя ня менш папулярныя асобы
Фота аўтара
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0727 seconds.