Абвешчаныя лепшыя фота 2008: перамог крызыс

Лепшым журналісцкім фотаздымкам 2008 года па вэрсіі арганізацыі World Press Photo прызнаны чорна-белы здымак пра эканамічны крызыс у ЗША.

Пераможцам конкурсу стаў амэрыканскі фатограф Энтані Суа (Anthony Suau), які працуе на часопіс Time. На фотаздымку, зробленым ў штаце Агайо, прадэманстраваны паліцэйскі, які робіць вобшук у хаце, адабранай з-за іпатэчнай запазычанасьці. Паліцэйскі правярае, ці не засталося ў памяшканьнях зброі і былога ўладальніка.

 

Агулам журы конкурсу, якое складалася з 13 прадстаўнікоў фотаіндустрыі з усяго сьвету, абрала лепшыя здымкі ў 10 намінацыях, у кожнай зь якой яно адзначыла тры лепшыя адзіночныя здымкі і тры рэпартажы.

Як адзначае беларускі фотажурналіст Андрэй Лянкевіч, «грамадзкасьць, магчыма, як і ў мінулым годзе, будзе вельмі доўга абмяркоўваць здымак, які перамог». Ну думку Лянкевіча, «апошнія тры конкурсы World Press Photo — гэта пераходны пэрыяд»:

«Зараз журы вельмі цяжка выбіраць лепшы фотаздымак, бо ўжо ёсьць 50 гадоў гісторыі, у якой фатаграфія мусіла адлюстроўваць галоўную падзею. Але цяпер у фотажурналістыцы адбываюцца перамены. З аднаго боку лепшы фотаздымак мусіць быць іконай, зь іншага — гэты здымак ня можа заставацца візуальна традыцыйным».

«Але так ці інакш, лепшы здымак адлюстроўвае тую падзею, якую мусіць адлюстроўваць», — дадае Лянкевіч.

У гэтым годзе ў конкурсе перамаглі пяць прадстаўнікоў Польшчы. Таксама ў намінацыі Spot News трэцяе месца заняў украінскі фатограф Глеб Гараніч.


Цікава, што цягам апошніх гадоў лепшымі прызнаваліся здымкі, зробленыя ў месцах вайсковых канфліктаў. Так, пераможцам World Press Photo 2006 стаў здымак, зроблены ў Бэйруце на наступны дзень пасьля абвяшчэньня перамір’я ў супрацьстаяньні Ізраіля і руху «Хізбалах».


Пераможца конкурсу 2008 года атрымае 10 тысяч эўра і фотакамэру Canon EOS 5D Mark II. Узнагароджаньне пройдзе ў Амстэрдаме, пасьля чаго выстава World Press Photo 2009 будзе прадэманстраваная ў некалькіх дзесятках гарадоў сьвету.

Прывозіць выставу World Press Photo у Беларусь пакуль не плянуецца. Найбліжэйшыя для беларусаў магчымасьці трапіць на выставу World Press Photo будуць у Познані (травень), а таксама ў Кракаве (лістапад).

Конкурс World Press Photo праводзіцца з 1955 года. Сёлета на прэстыжную ўзнагароду было заяўлена 96268 фотаздымкаў, што на 19,5% болей, чым летась.

На выявах стронкі з галерэі здымкаў-пераможцаў конкурсу World Press Photo 2008

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.