Пераход зімы ў вясну: хутка Масьленіца ў Строчыцах

У музэі пад адкрытым небам ў Строчыцах першага сакавіка пройдзе сьвяткаваньне апошняга дня масьленіцы. Этна-шоў пад назвай «Масленіца з бабкай Параскай» адбываецца па звыклым сцэнары ўжо ня першы год. Сымбалічнае спальваньне пудзіла і праводзіны зімы — у фотарэпартажы з Масьленіцы 2008-га.

Сьвяткаваньне такіх падзей, як Каляды і Масьленіца, — традыцыйная справа для музэю. А ўсе падзеі ў Строчыцах маюць агульныя асаблівасьці. Гэта і народныя калектывы, і магчымасьць адпачыць і падсілкавацца ў карчме. Гэтым разам галоўнай стравай тут былі, бясспрэчна, бліны. Другога сакавіка 2008 года тут сьвяткавалі масьленіцу, асноўным дзействам чаго стала доўгачаканае спальваньне саламянага пудзіла.

Нягледзячы на смугу, вільготнае і, часамі, дажджлівае надвор’е, пэўную колькасьць публікі музэй усё ж здолеў сабраць. Наведвальнікі хутка падзяліліся на дзьве асноўныя плыні: энэргічных студэнтаў, якія няспынна бегалі па драўляным хатам і цэрквам музэйных сэктароў, і больш сталы, а таму, напэўна, марудны сярэдні клас. Яго прадстаўнікі хутка разьведалі месцазнаходжаньне карчмы, дзе неадкладна прыняліся за сьвяткаваньне масьленіцы.

Дамы і спадары з дзецьмі акупавалі фурмана, які апынуўся адзіным атракцыёнам мерапрыемства. У самы разгар катаньняў на імправізаваная сцэне каля Пакроўскай царква XVIII ст. зьявіўся народны калектыў з баянам, флейтай і, чамусьці, электрагітарай.

Строчыцы Масьленіца

Асноўнай падзеяй мусіла стаць спальваньне на адмысловым вогнішчы пудзіла Марэны, пасьля чаго адбыцца «магічны карагод». У прадчуваньні чарговай порцыі «магічнага», у дадатак да папярэдняй, атрыманай яшчэ ў карчме, публіка пачала разбрыдацца па велізарнай плошчы музэю.

Строчыцы Масьленіца

Я атрымаў магчымасьць вывучыць экспазыцыю трох сэктароў музэю. Яны маюць назвы «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе» і «Паазер’е». Адпаведна, у кожным з сэктароў сканцэнтраваныя архітэктурныя помнікі, характэрныя для пэўнага рэгіёну Беларусі.

Па маім вяртаньні да масьленічнага вогнішча, пудзіла загадкавай Марэны ўжо было замацаванае і чакала часу расправы. Зіме сэкундамер адлічваў апошнія імгненьні. Да вогнішча падыйшоў чалавек у брудных гумовых ботах, чорнай целагрэйцы і калісьці фіялетавай спартовай шапцы. Стаў зараджацца сьціплы агонь. Пачаліся танцы. Вясна перамагла.

Строчыцы Масьленіца

Масьленіца — тыдзень перад пачаткам Вялікага Посту, які адзначаецца у Праваслаўнай царкве. У народных традыцыях масьленіца зьвязваецца з адраджэньнем пладаносных сіл зямлі. Спальваньне пудзіла ў апошні дзень масьленіцы сымбалізуе адыход зімы. Таксама раскладаюць вогнішчы, вакол якіх водзяць карагоды. У мінулым падзеі на сьвята мелі магічна-ачышчальнае прызначэньне. Так разьвітваліся з yciм злым i нячыстым.

Строчыцы Масьленіца

Беларускі Дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца ў чатырох кілямэтрах ад менскай кальцавой. У музэй рэгулярна ходзяць аўтобусы з аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя». Сёлета сьвята пройдзе 1 сакавіка, а 13:00.

Глядзіце яшчэ ў фотаблогу Generation.bY здымкі з сьвяткаваньня Масьленіцы ў Строчыцах у 2008-м

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0945 seconds.