Рок-фэст «Bela Music-09» разам зь Пятром Ялфімавым

Пасьля непрацяглых роздумаў аўтсайдэр Эўрабачаньня Пётр Ялфімаў згадзіўся выступіць на фэсьце «Bela Music-09», які пройдзе 23 траўня на Баравой. Таксама стала вядомая канчатковая праграма фэсту.

 

Open-air фэстываль беларускай музыкі пройдзе пад Менскам 23 траўня. Сярод удзельнікаў — легенды беларускага року «Neuro Dubel» і «Крама», а падтрымку забясьпечаць Мінкульт і Менскі аблвыканкам. Галоўнай нечаканасьцю фэсту стала зьяўленьне ў сьпісе выступоўцаў Пятра Ялфімава, імя якога апошнія дні непарыўна суседнічае са словам «скандал».

Як адзначыў у размове з Generation.bY адзін з арганізатараў фэсту Алег Хаменка, пытаньне пра ўдзел Пятра ў фэсьце «мы вырашылі за пару хвілін, але канчатковае рашэньне прымалі па райдэру, па патрабаваньнях, тэхнічных і асабістых момантах».

Выступ Ялфімава на фэсьце лідэр гурта «Палац» лічыць добрай ідэяй:

«Няхай [Пётр] прыяжджае, бо яго імя зараз у Беларусі вельмі добра стасуецца зь ідэяй нашага фэсту — „беларуская актуальная музыка“. Праўда, прыедзе не з усім гуртом, але з гітарай сваёй будзе дакладна», — дадаў Хаменка.

Хэдлайнэрам фэсту будзе гурт J:морс. Ён будзе выступаць апошнім і сыдзе са сцэны ў 21:55.

Праграма фэсту

  • 17:00 — 17:30 — GARADzKIJA
  • 17:30 — 18:05 — Детидетей
  • 18:05 — 18:35 — Rastop Power Trio
  • 18:35 — 19:00 — Пётр Ялфімаў
  • 19:00 — 19:35 — Neuro Dubel
  • 19:35 — 20:10 — Палац
  • 20:10 — 20:45 — БЕЗ БИЛЕТА 
  • 20:45 — 21:20 — Крама
  • 21:20 — 21:55 — J: морс

Як даехаць?

Фэст пройдзе на аэрадроме «Баравая». Гэта побач зь мікрараёнам «Зялёны Луг». З 15-й да 23-й будуць арганізаваныя адмысловая аўтобусныя рэйсы. Стартуюць яны з мэтро «Усход» і вязуць усіх жадаючых да пляцоўкі за 600 рублёў.

Таксама можна даехаць да гандлёвага цэнтру «Аквабел» і ад яго прайсьці 500 мэтраў да пляцоўкі фэсту, арыентуючыся на ўказальнікі «Bela Music-09».

На полі аэрадрому будзе арганізаваная бясплатная паркоўка. Заезд на яе з аўтадарогі Калодзішчы-Заслаўе. Арыенцір — указальнік «Bela Music-09».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0829 seconds.