Беларускі рок-фэст пад вясёлкай

Першы за апошнія дзесяць год open-air фэст «Bela Music-2009» прайшоў на выходных пад Менскам. Арганізатары з-за дрэннага надвор'я не дачакаліся вялікага наплыву гледачоў, гледачы, хто як мог, змагаліся са стыхіяй, а музыкі ў кулюарах фэсту рабілі нечаканыя заявы. У атмасфэру першага «Bela Music» паглыбіўся Generation.bY.

«Слухай, як думаеш, будзе там расьцяжка „Будзьма“, можа значакаў надыбаю?» — запытаўся нейкі чувак, які ехаў з намі ў набітым мазаўскім аўтобусе на «Баравую».

«Якая будзьма-шмудзьма?! Гэта рок-фэстываль агульнабеларускага маштабу!» — падказаў небараку дасьведчаны малады чалавек у чорнай скураной куртцы.

А мы ехалі і прыгадвалі тыя шчасьлівыя часы, калі візы ў Польшчу каштавалі $5, і нават ня эўра, — цягайся на фэсты хоць кожныя выходныя. Тым больш, добрую жывую музыку ў тыя запаветныя часы ў сталіцы пачуць было амаль нерэальна. Вось і вырастала ў Менску цэлае пакаленьне моладзі, якое ня мела магчымасьці папіць піўка на якім крутым фэсьце ля дому. Не «садочкам» жа давіцца ля стэлы?


Цяпер вось — шчасьце: цэлае поле наша! Хаця запоўніць тое поле ўсё роўна ня было каму:

«Тры тысячы, ня болей», — давёў наш абазнаны ў масавых мерапрыемствах знаёмы.

Праўда, піва і гэтым разам не папілі: беларускай заканадаўства кажа «НЕ!» — стаяў у галаве вобраз радзімы-маці ў чырвонай сукенцы.

Затое хоць музыку паслухаем!

Усе сваркі забытыя, «у краіне лібэралізацыя», — магічнае слова гучала з вуснаў арганізатараў яшчэ на прэс-канфэрэнцыі да фэсту.

«Варта разумець унікальнасьць гэтага мерапрыемства, бо дзяржава нарэшце пайшла насустрач, сказала, што ня толькі ня будзе перашкаджаць, але яшчэ і дапаможа», — сказаў тады дырэктар «Лініі гуку» Уладзімір Шаблінскі.

Гледачоў у фэсьце, падаецца, засмуцілі толькі дзьве рэчы: непрацяглая залева і акустычны выступ Пятра Ялфімава.


Удзячныя прыхільнікі апошняга прыгадалі яго самакрытычныя словы пасьля выступу на Эўрабачаньні і выцягнулі плякат «поёшь о**енно». Пётр толькі ўсьміхнуўся ў адказ.

«Я ніколі ад року і не адыходзіў. Калі паглядзець на склад выступоўцаў, то можна зазначыць, што зь некаторымі зь іх мы гралі разам шмат год. І надалей я хацеў бы прымаць удзел у падобных мерапрыемствах», — прызнаўся Generation.bY Ялфімаў.

Свой намер музыка падцьвердзіў выкананьнем кавэру на гіперпапулярнага ў Польшчы Чэслва Нэмана «Dziwny jest ten świat», зь якім Ялфімаў калісьці перамог на Славянскім базары, а пасьля ўдзельнічаў у гіт-парадзе «Тузіну Гітоў».

«Сэт магутнай гітарнай музыкі» прывёз зь Нью-Ёрку былы гітарыст гурта «Сузор’е» Аляксандр Растопчын. Ён разам з Аляксеем Казлоўскім ды Кірылам Шэвандо ў складзе сьвежастворанай банды Rastop Power Trio канчаткова разагналі першы ўдар дажду, асноўны цяжар якога прыйшоўся на выступ гурта Піта Паўлава GARADzKIJA.

Рок-князёўна мінулага году Воля Самусік запрасіла на сцэну Рок-князёўну году гэтага — Ганну ХітрыкДзеціДзяцей»). Акторка «купаўлаўскага», як заўжды вясёлая і непасрэдная, Хітрык усё яшчэ сьпявае пераважна рускамоўную праграму, але, па словах намесьніцы старшыні БАСу Касі Кузьміч, актыўна рыхтуе беларускамоўны выступ спэцыяльна для фэсту «Басовішча».

Кульлінковіч: «Давненько у нас такого не было»


Гурты не зьмянялі сваёй традыцыі: векапомная шапачка лідэра «Крамы» Ігара Варашкевіча ня раз ужо мільгала на дзесятках фэстах і ў Беларусі, і за мяжой. А нязьменны фаварыт публікі Аляксандр Кульлінковіч звыкла ўжо распранаўся на сцэне і абдымаў «дзюбелей» з пылам ня меншым, чым на сваіх клюбных канцэртах. У гэты раз асабліва пашэнціла гітарысту Абрамовічу.

 

Новы наступ стыхіі здарыўся адначасова з выхадам «Палацу». Гурт граў пад праліўным дажджом, а людзі таньчылі пад стольлю з парасонаў.

Bela Music 2009

Аўтар ідэі і арт-дырэктар фэсту Алег Хаменка нэрваваўся, падаецца, больш за ўсіх:

«Зараз я такі напружаны і знэрваваны. Якраз на наш выступ найшла такая хмара. Нам было вельмі цяжка. Адзіны мінус Баравой, што тут няма куды хавацца», — распавёў Хаменка.
«Тут сабралася публіка, якая нас ведае, а вось на замежных фэстах добрая атмасфэра, але значна менш людзей, — патлумачыў адрозьненьні паміж замежным і ўласным лідэр Крамы Ігар Варашкевіч. — А тут людзей больш і было б яшчэ больш як мінімум у два разы, калі б было добрае надвор’е».

Bela Music 2009

Апошнім часам у кар’еры гурта адбываюцца даволі цікавыя мэтамарфозы. Нядаўна Краму запрасілі на запіс канцэрту ў віцебскі амфітэатар, які будзе паказаны 3 ліпеня па СТВ:

«Спачатку я адмаўляўся але потым мне пазваніў сам [намесьнік генэральнага дырэктара СТВ — аўт.] Павал Каранеўскі, сказаў, што вельмі любіць «Краму». Канцэрт быў прысьвечаны 65-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У першых шэрагах сядзелі людзі з маленькімі чырвона-зялёнымі сьцяжкамі. Што ў такой сытуацыі зробіш? Мы выйшлі і сыгралі».

З выхадам «Без Билета» на небе ізноў стала ясна, зьявіліся вясёлкі: адна, потым яшчэ, яшчэ.

Bela Music 2009

Над «Баравой» пачалі разыходзіцца хвалі пазытыву, нехта кінуўся гуляць у фрызьбі, нехта забіў на натоўп і паглынуўся ў пяшчотныя промні заходзячага сонца адразу на, як ніколі раней, зялёнай траве аэрадрому.

Bela Music 2009

Ня ўсе цалкам пазытыўна ўспрынялі доўгачаканае вяртаньне вельмі папулярнага ў сьвеце open-air фармату ў Менск:

«Усё гэта можна слухаць у лепшай якасьці зь лепшым гукам. Ці вартая была гэта дастаткова малалюдная акцыя перамоваў з сыстэмай і губляньня маральнага аўтарытэту тымі, каго мы лічылі культурнымі героямі?» падзяліўся з БелаПАН крытычнымі развагамі журналіст Максім Жбанкоў.

На Басовішча пайду, хай мяне запросяць!

«На адкрытых пляцоўках прыемней выступаць. На лета ў нас плянуецца шэраг выступаў у Беларусі», — скакаў за сцэнай у чаканьні пачатку выступу лідэр хэдлайнэру фэсту, гурта J:морс, Уладзімір Пугач.

Bela Music 2009

J:морс завяршаў канцэрт. Пугач, губляючыся, пераходзіў то з беларускай на расейскую, то наадварот. Праграма ў іх была такой жа палавінчатай, як і мова вакаліста.

Bela Music 2009

Яшчэ тры гады таму гурт меў дзіўнае хобі не выходзіць за рок-каронай з-за сваёй, як казалі музыкі, апалітычнасьці. Цяпер J:морс гатовыя выступіць і на фэстывалі «Басовішча»:

«Чаму ж і не? Залежыць ад райдэраў і іншых чыньнікаў, — падзяліўся з Generation.bY Уладзімір Пугач. — Мы зашмат выступаем у клюбах. А граць любім нашае, беларускае».

«Гэты фэст задумваўся даўно толькі для таго, каб музыка прагучала, а ня дзеля грошаў. Дзякуй, што вы тут!» — зьвярнуўся да гледачоў са сцэны Уладзімір Пугач і завершыў Bela Music старым як сьвет «Web-дызайнам».

Гэта быў фэст БЕЛАРУСКАЙ рок-музыкі. Ня больш і ня менш.

Глядзіце на Generation.bY вялікі фотарэпартаж з Bela Music-2009 у 60-ці здымках

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0647 seconds.