«Графіці» ладзіць «вар’яцкае чаяваньне» на прыродзе

Клюб «Графіці» сьвяткуе дзень народзінаў і ладзіць з гэтай нагоды пікнік пад Менскам. На пікніку чакаюцца дзесятак музычных камандаў-сяброў «Графіці», а таксама шмат спорту і кіно.

Сёлета знакаміты клюб, бясспрэчна культавае месца для менскай музычнай тусоўкі, сьвяткуе дзесяцігодзьдзе. Па словах уладальнікаў клюбу, вечарына мусіць быць вельмі летняй, спартыўнай і, канешне ж, музычнай.

«Гэта не пікнік на ўзбочыне — гэта вар’яцкае чаяваньне ў лепшых традыцыях пікніка», - кажуць арганізатары сьвята.

Павіншаваць клюб прыедуць вядомыя беларускія гурты, якія не аднойчы выступалі ў «Графіці». Сярод іх Серебряная Свадьба, Madera Hard Blues, ДетиДетей, CherryVata, Zombie Zoo, Botanic Project, Chiefs Band, The UNB, Клёндайк, Логика Метро, а таксама спэцыяльны госьць, імя якога трымаецца ў сакрэце да апошняга моманту.

Па ўсіх правілах клясычнага пікніка наведвальнікі будуць мець магчымасьць заняцца актыўным адпачынкам: пагуляць у футбол, валейбол, пэйнтбол, фрызьбі і нават узяць удзел у чэмпіянаце па гульне ў кракадзіла.

 

Сувязь са сьветам і перадышку з ахаладжальнымі і моцнымі напоямі будзе гарантаваць wi-fi бар. Аматараў супакаеньня чакаюць чайныя цырымоніі, лазьня, кальяны, ёга і паветраныя зьмеі. Аматараў кіно — кіназала пад адкрытым небам, аматараў фота — фота і відаэкросы. Усіх без выключэньня чакаюць кірмашы, фаер-шоў, графіці, пэрфомансы, баі падушкамі, школа танцаў і dj-школа, шашлыкі, барбекю і духмяны плоў. Для дзяцей будзе працаваць дзіцячая пляцоўка.

Пікнік будзе праходзіць 26 чэрвеня з 12:00 да 22:00 у КФХ «Прудовое»  (гэта 15 км. ад Менску). Падрабязная інфармацыя на сайце мерапрыемства.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1034 seconds.