«Культпросвет» прэзэнтавалі эксклюзіўным відэа з пародыямі і эротыкай

Сяргей Міхалок Ляпіс Трубяцкой

Сяргей Міхалок у плаўках і шлёпках сьпявае «Зорачкі» пад акустычную гітару на беразе ракі, а адрываецца пад сьпеў галоўная зорачка беларускага тэатру Сьвятлана Зелянкоўская топлес, у адных майтках — з такім эксклюзіўным відэаролікам прайшла сёньня прэс-прэзэнтацыя новага альбому «Ляпіса Трубяцкога» «Культпросвет». У працяг шэрагу крэатыўных відэаролікаў прадусар Яўген Калмыкоў прадставіў творчае аб’яднаньне «Дзеці Сонца», распавёў пра новы альбом «Ляпісаў», пляны і жыцьцёвыя погляды.

Альбом «Культпросвет» ужо актыўна спампоўваецца і слухаецца прыхільнікамі, але толькі зь першага верасьня яго стала магчыма набыць у крамах на кампакт-дысках. З гэтай нагоды і адбывалася прэзэнтацыя.

Міхей Nosorogoff

Перад пачаткам імпрэзы Міхей Nosorogoff з дапамогай маленькай гітары і сьвістка выканаў пародыю на адзін зь першых гітоў «Ляпіса Трубяцкога» «А-у—а-у».

Пасьля невялічкай паўзы ў набітым журналістамі пакойчыку зьявіліся ўдзельнікі «Дзяцей Сонца» Максім Сіры і Nosorogoff з намаляванымі ад рукі сымбалямі з вокладкі «Культпросвету» і абвесьцілі пачатак:

«Раньше был алкаш и торчок, а теперь — боксёр и качок!
Теперь он солнце, теперь он свет! Кульпросвет!»

Пакуль журналісты чакалі зьяўленьня ў залі Сяргея Міхалка, пагасла сьвятло, і Міхалок зьявіўся, але на экране. На беразе ракі ля вогнішча ён сьпяваў пад акустычную гітару песьню «Зорачкі».

Сьвятлана Зелянкоўская

Гукі затвораў фотаапаратаў зьбянтэжаных фатографаў, якім прыйшлося фатаграфаваць выяву Міхалка, а не яго самога, разбавіў крык «Зрабіце стоп кадр!» — у той момант, калі напрыканцы ў роліку зьявілася ці, дакладней, заскочыла ў кадр Сьвятлана Зелянкоўская топлес.

Сяргей Міхалок Ляпіс Трубяцкой

Пасьля шэрагу відэа-ролікаў Яўген Калмыкоў запаліў сьвятло, музыкі з гурта на прэзэнтацыю не зьявіліся — у «Ляпісаў» пачаўся новы тур.

Яўген Калмыкоў Дзеці Сонца

Але нагода выдатна падыйшла да знаёмства журналістаў з творчым аб’яднаньнем «Дзеці Сонца», якое заснаваў Калмыкоў і якое аб’ядноўвае шэраг музыкаў, рэжысэраў, мастакоў, крэатыўшчыкаў.

«Альбом „Культпросвет“ — гэта стрыжань агульнай вялікай канцэпцыі, якую мы спрабуем рэалізоўваць у жыцьцё з дапамогай творчага аб’яднаньня „Дзеці Сонца“. Касьцяк аб’днаньня знаходзіцца тут, у Менску. І ўсё, што мы робім ў апошні час, робіцца ў Менску. Гэта можа быць блазьнерскае асьветніцтва, але мы граем у гэтую гульню шчыра», — прадставіў Калмыкоў арт-тусоўку «Дзяцей Сонца» і непасрэдных удзельнікаў прэс-прэзэнтацыі.

Пры працы над «Культпрасветам» яркія індывідуалісты з «Дзяцей Сонца» натуральным шляхам пачалі працаваць супольна. Так, кліп «Буревестник» — супольная праца Матвея Сабурава, Міхея Насарогава і Максіма Сірага. А зараз рыхтуецца яшчэ адзін новы кліп «Ляпісаў» — «шэдэўр», як называе яго Калмыкоў. На якую песьню і які будзе сюжэт, пакуль не агучваецца, але праца таксама будзе супольнаю — славуты аўтар кліпа на песьню «Капітал» Лёша Церахаў спрацуецца з Віталём Сідаруком (які рабіў некалі разам з братам кліп на «Залатыя яйцы»).

Аб’яднаньне пасьпявае і экспэрымэнтаваць, і ўражваць крэатывам, і прадаваць яго. «Мы самаакупаемся», — адзначае Калмыкоў.

«Другі альбом мы ня проста выклалі, але была магчымасьць „башляць“ грошы за праслухоўваньне. Мне падаецца, што гэта было сама правільна і аптымальна для нас. Добра, што тэхналёгія да гэта дасьпела і гэта проста зрабіць. Каб было цяжка — мы б так не рабілі. Вось каго сапраўды не хапае „Дзецям Сонца“ — дык гэта матэматыкаў-эканамістаў:) Таму такая форма, ня важна колькі там кропляў — яна ў прынцыпе правільная, калі ёсьць у чалавека магчымасьць на рэвалюцыю крыху падкінуць».

Што да рэвалюцыі, то тэксты «Культпросвету» сапраўды наўпростыя і шмат у чым палітычныя. Прысутныя радыё-журналісты зьвярнулі ўвагу — песьні нефарматныя для радыё. Калмыкоў адзначае, што яны ўжо перажылі часы, калі трэба было адразу арыентавацца, каб нейкі трэк трапляў у ратацыю, нават калі музыкам ён і не зусім даспадобы. Пішуць і сьпяваюць зараз тое, што хочацца.

«Можа мы дажывем да часоў, калі і на радыё мы зьявімся. Па-першае, трэба наагул прыбраць гэтыя 75% на радыё! Як вы яшчэ хвалю не паднялі, спадары журналісты? Гэта ж абсурд! Мы ўсе слухаем нейкае лайно, як быццам гэта адна радыёстанцыя. Усе пра гэта выдатна ведаюць і працягваюць у гэтым купацца. І як быццам мы так паднімаем нашу культуру — мы апускаем нашу культуру! Бо зьяўляюцца песьні на ангельскай мове, нейкая шэрасьць, сьпяваем пад кагосьці… То бок не другасны, а троесны нейкі прадукт!»

Водгукі на «Культпросвет» розныя. Многія пішуць у блогах оды «Ляпісам», іншыя адзначаюць скуднасьць альбому і адчуваньне «працы на скорую руку».

«Самае лепшае — гэта рэакцыя. Я так разумею, што рэакцыя ўжо адбылася. Альбом не плянавалася так хутка выпускаць, але вырашылі, што лепей яго скінуць зараз, бо песьні крыху недапетыя. Я маю на ўвазе, што „Маніфэст“, „Капітал“ і „Культпросвет“ — гэта трыпціх. І гэты недастаючы альбомчык неяк вісеў. Хацелася зрабіць хутчэй, каб галава вызвалілася і можна было думаць ужо пра іншае. Так, альбом кароткі, але наагул мы лічым мінімалізм сваім каньком — і альбом кароткі, і прэзэнтаваныя відэа-ролікі кароткія», — патлумачыў Калмыкоў.

Пасьля выхаду апошняга альбому, Міхалок ужо адзначаў, што гурт зьбіраецца крыху адпачыць, падумаць. На прэс-прэзэнтацыі Яўген Калмыкоў дадаў: «Вырашылі падумаць праз год!»

Яўген Калмыкоў Дзеці Сонца

Але ж падумаць у спакоі сучаснаму «Ляпісу Трубяцкому» будзе складана — за лета гурт паўдзельнічаў у 25 фэстах у розных краінах. І зараз гурт ня ў Менску — заўтра ў іх канцэрт у Новасыбірску. Беларускія прыхільнікі ўжо змаглі пачуць жыўцом некалькі песень з «Культпросвету» на выступе «Ляпісаў» на нядаўнім фэстывалі фэервэркаў «Навальніца» ў Лагойску. Але дакладны час канцэртнай прэзэнтацыі новага альбому ў Менску пакуль не вядомы.

Яўген Калмыкоў: «Мы ўсё ж шавіністычная тусоўка, не па прынцыпах, а па месцы жыхарства, якая сабралася, каб прадзіравіць прастору як можна далей, глыбей. Можна сказаць, мы — беларусы, якія спрабуюць інтэгравацца як можна далей і знаходзіць сваіх братоў і сёстраў хоць у Афрыцы, хоць дзе. Пакуль у Расеі на Ўкраіне найлепш атрымліваецца:)»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0695 seconds.