Адкрыты архіў з 10 000 лепшых здымкаў сусьветнай фотажурналістыкі

У Інтэрнэце зьявіўся архіў матэрыялаў World Press Photo — адной з самых прэстыжных узнагарод у сьвеце фотажурналістыкі. На сайце архіву сабраныя 10 тысяч лепшых журналісцкіх здымкаў — прызёраў і абсалютных пераможцаў конкурсу — пачынаючы з 1955 году.

 

Конкурс World Press Photo праводзіцца аднайменнай некамэрцыйнай арганізацыяй на працягу 54 год, але толькі цяпер здымкі ўсіх яго прызёраў сталі даступныя для прагляду. Раней у адкрытым доступе былі толькі фота, што прызнаваліся абсалютнымі пераможцамі за пэўны год.

Часьцей за ўсё фотаздымкі, што перамаглі ў конкурсе, адлюстроўвалі галоўную і самую запамінальную падзею году, як, напрыклад, фота аголенай дзяўчынкі, што бяжыць зь віетнамскай вёскі пасьля амэрыканскай атакі (пераможца ў 1972 годзе) альбо выява самотнага дэманстранта, які стаіць насупраць танкаў на плошчы Цяньаньмынь у Пэкіне (1989 год). Гэтыя фота дагэтуль выклікаюць эмоцыі і, як адзначаюць стваральнікі архіву, «ужо сталі іконамі».

Архіў дае магчымасьць праглядаць і шукаць здымкі ў залежнасьці ад году перамогі ў конкурсе, нацыянальнасьці фатографа, катэгорыі, у якой была прысуджаная ўзнагарода. Таму, дзякуючы архіву, карыстальнікі могуць пазнаёміцца «з асноўнымі накірункамі разьвіцьця фотажурналістыкі», а таксама з этапамі гісторыі плянэты за апошнія паўстагодзьдзі.

Сярод прызёраў прэміі ёсьць і адзін здымак беларускага фатографа. Гэта фота, зробленае ў 1987 годзе на савецкім прадпрыемстве падчас «лятучкі» — сустрэчы пэрсаналу з галоўнымі інжынэрамі фабрыкі.


Юры Іваноў (1987 г.) - адзіны беларускі фатограф, адзначаны World Press Photo

Нягледзячы на некалькі год працы над архівам, у яго стваральнікаў не атрымалася аднавіць усю інфармацыю аб здымках. У некаторых выпадках былі згубленыя дадзеныя аб імёнах аўтараў ці, нават, сам фотаздымак. Таму кіраўніцтва World Press Photo зьвярнулася да карыстальнікаў з просьбай дапамагчы выправіць памылкі і недарэчнасьці ў архіве.


Танкі на Цяньальмынь - лепшае фота 1989 г.


Дзеці ў час віетнамскай вайны. Лепшы здымак 1972 г.

За часы свайго існаваньня World Press Photo разьмеркавала 1372 узнагароды для каля 2100 фатографаў з 79 краін сьвету. На апошні па часе World Press Photo 2008 былі заяўленыя 96268 фотаздымкаў. Пераможцам стала праца амэрыканскага фатографа Энтані Суа (Anthony Suau), прысьвечаная эканамічнаму крызысу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.