Позьняя восень на Браслаўшчыне: Лявошкі, возера Воласа Паўночнае

Маршрутка несла нас на поўнач, умела абганяючы ў цемры яркія ліхтарыкі аўто і фураў. У паўзах паміж песьнямі ў плэеры прарываліся гучныя папсовыя рытмы з магнітолы. «Куды збочваць?» — пытаецца кіроўца, углядаючыся праз акуляры ў цемру, мінуўшы знак «Лявошкі». Мы за Браславам, рэшта пасажыраў ужо выйшла на канцавым прыпынку, на вечаровай шашы бязьлюдна. «Ня памятаю, вы нас везьлі туды мінулым годам», — адказвае Віка. Якраз год таму, такой жа восеньню, яна са Зьмітром ужо была тут. Праз шэраг уражаных расповедаў сёлета нас едзе ўжо шасьцёра.

Цяжкія брамы адчыняюцца і мы ўяжджаем за паркан з высокіх завостраных зьверху бярвеньняў. У цемры бачныя абрысы некалькіх драўляных дамоў рознай велічыні, а наперадзе праз дрэвы зіхаціць возера — Воласа. Якраз побач зь ім нашыя маленькія драўляныя хаткі. З комінаў цягнецца дым — печкі пратопленыя да нашага прыезду. Я абіраю «рыбацкую» сядзібу — хата найбліжэй да возера. Мінулым годам там жылі рыбакі, якія штораніцы на чаўнах выбіраліся вудзіць рыбу. Тут мы будзем жыць трое сутак: насалоджвацца звонкім восеньскім паветрам, гатаваць есьці на вогнішчы, тапіць печ, плаваць на чаўнах па возеры, на мэтры ўглыбіню разглядаючы дно праз шкляную ваду.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Ужо ў першую ноч мы не стрымаліся і рушылі да вады. У сьвятле месяцу над возерам бачная альтанка, якая злучаная зь берагам сьлізкім падмерзлым мастком. Нягледзячы на насычаную сяброўскімі размовамі ноч ля вогнішча, раніцай мы ўжо на нагох — з гарачай гарбатай акуратна прабіраемся праз масток да альтанкі на возеры.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Уначы былі замаразкі, таму ўсё вакол падмерзлае — вада ля берагу, масток, аранжавае лісьце вакол у замерзлых кропельках.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Першы наш дзень на Браслаўшчыне сонечны, ветраны, з прахалодным дыханьнем хуткай зімы. Сёньня ўсё ў навінку: бярэм тачанку і рушым па дровы, да калодзежу па ваду, гуляем і разглядаем выразаныя невядомым майстрам драўляныя фігуры людзей і жывёлаў — чорт зь дзедам, баба, кот з пеўнем. У вялікім драўляным доме жыве яшчэ адна кампанія, з больш сучасным адпачынкам — праглядам фільмаў і харчаваньнем у сталоўцы.

Дзень другі. Раніцай завіхаемся ля вогнішча. Сонца схавалася, а зь неба вялікімі шматкамі пасыпаў сьнег. Рукі падмярзаюць нават у рукавіцах, але пляны не мяняем — сёньня мы бярэм чаўны і рушым на возера.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

З-за ветру плысьці ня так і проста, плынь спрабуе круціць чаўны вакол астраўкоў. Але нават праз хвалістую паверхню бачнае глыбокае дно — з-за скажэньня дзіўныя расьліны падаюцца вялізнымі. Абодва возеры — Паўднёвае і Паўночнае — злучаныя паміж сабою пратокаю. Найбольшая ж глыбіня Воласа Паўднёвага сягае 40,4 мэтра — гэта болей за 10-павярховы дом!

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Па вяртаньні на бераг разумееш, наколькі замерзьлі ногі — адагрэцца лепей за ўсё ў лазьні. Зь бярозавымі венікамі. Пасьля такога распарваньня хочацца сігануць у ваду, але ўжо на ганку адчуваецца, як прыліпаюць разгарачаныя ступачкі да абмерзлых прыступак. Перад сном пад утульнае патрэскваньне дроваў у грубе бяруся за кніжку. Выпадкова сюжэт зацягнуў, і на гадзіньніку ўжо незаўважна тры гадзіны ночы. Укруціўшыся ў шалік, высунаю нос праз скрыпучыя дзьверы на вуліцу. Сябры пакінулі ліхтары на ганках. Цішыня нагадвае маю вёску. Страшна нават дыхаць, каб не парушыць такі спакой. У Менску, мабыць, сьвяткуюць ноч на Хэлоўін. Тут жа доўгія цені ад драўляных статуй наганяюць нежартоўнага страху.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Субота. На трэці нашай вандроўкі падаецца, мы тут ужо даўна і вяртацца у людны Менск ня хутка. Сонечна, марозна і ціха-ціха. Учорашняе шэрае, хвалістае возера як іншае — супакоілася, увабрала ў сябе самыя яркія фарбы: сіняе, зялёнае, аранжавае.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Не разабраць, дзе неба, а дзе вада — толькі тонкая лінія зьмяшанага лесу па іншым беразе дзеліць убачанае на дзьве аднолькавыя старонкі. Справа нечым напужаны, пляскаючы па замерлай вадзе, у неба уздымаецца касяк качак.

Браслаўшчына Воласа Паўднёвае

Сабраць рэчы, вярнуць сякеру і нож дзядзьку ў гумовых ботах з высокай хаткі, дасмажыць кілбаскі… — у цішыні ўжо чуваць знаёмы гук маршруткі. Нібы з чаротавымі галінкамі заскокваем у мікрабус з насаджанымі на самаробныя шампуры кілбаскамі. «Ох, будзем зайздросьціць», — з усьмешкай кажа кіроўца пасажырцы побач. «Заўтра ўжо самі сабе будзем зайздросьціць», — думаю я. Маршрутка зноў напаўняецца гучнай музыкай, я дастаю плэер. Дарога то суцэльнымі, то перарывістымі лініямі разьметкі імкліва набліжае нас да Менску — панічнага і заклапочанага.

Яшчэ 20 здымкаў з восеньскага возера Воласа ў фотаблогу Generation.bY


Воля Кузьміч 14:50, 03.11.2009 | Маршруты |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0719 seconds.