Два дні «Без Билета» ў «Рэактары»

Без Билета

Гурт «Без Билета» канцэртам у менскім «Рэактары» працягнуў плеяду сьвяткаваньня 10-годзьдзяў беларускіх гуртоў. «Безьбілетнаму» паглыбленьню ў мінулае з напорам на сучаснасьць папярэднічала прэзэнтацыя чацьвёртага студыйнага альбому гурту «Афрыка».

Так склалася, што адразу некалькі цяпер пасьпяховых беларускіх камандаў пачалі сваю афіцыйную дзейнасьць у перадміленіюмным 99-ым. Ці то да блізкага канца сьвету музыкі сьпяшаліся выгаварыцца, ці то нешта іншае дапамагло, але цяпер тры гурты запар — «Без Билета», «Троіца» і «Б:Н» — на працягу аднаго тыдня выйдуць на сцэны Менску, каб адзначыць сваё дзесяцігодзьдзе. Крыху пазьней да тройкі далучыцца «J:морс». А ў верасьні ўжо пасьпелі адзначыцца берасьцейцы зь «Сьцяны».

«Без Билета» не разгубіліся і расьцягнулі сьвяткаваньне на два дні. Хаця першы канцэрт 12 лістапада быў амаль цалкам прысьвечаны новаму альбому «Афрыка», праз дзень музыкі ўжо поўнасьцю аддаліся сваёй музычнай спадчыне, якая, аднак, прыгадвалася больш як дапаўненьне да «Афрыкі».

beZ Bileta

«Безбілетнікі» за гэтыя гады выдалі чатыры студыйныя альбомы, адыгралі безьліч канцэртаў і зьмянілі прозьвішча вакаліста. Цяпер у фронтмэна гурта Віталя Артыста новае пасьведчаньне аб нараджэньні, а ва ўсёй групы — арыгінальны музычны стыль, які музыкі сьціпла называюць «smart pop».

Віталь Артыст

Бязьмерна рамантычныя і неяк не па-беларуску жыцьцярадасныя «Без Билета» на сьвяткаваньні ўласнага дзесяцігодзьдзя не забыліся ні на старыя песьні, ні на новыя і актуальныя творы. Гледзячы па колькасьці дабраўшыхся да імпрэзаў, «безбілетнасьць» як стан душы актуальная і ў часы крызысу. Хаця на такія страшныя словы як «грып» і «крызыс» перад паходам на «Без Билета» рэкамэндуецца забыцца: гурт апэрыруе матэрыямі куды больш простымі і зразумелымі звычайнаму спажыўцу мэдыяпрадукцыі.

Мілыя кадры з безупынна рэанімуемай за навагоднімі сталамі беларусаў «Каўказскай нявольніцы» і прыгожых напаўкаляровых мультоў дапаўнялі атмасфэру ненавязьлівасьці, якую ўпарта ўдыхалі ў паветра «Рэактара» музыкі. Публіка была рознай, але ў цэлым задавальняла вызначэньню аўдыторыі «Без Билета», дадзеным калісьці Віталікам Артыстам: «і простыя крэпкія хлопцы з правінцыі, і выдатнікі-асьпіранты».

beZ bileta

Геаграфічны аспэкт як нікому на беларускай сцэне дарагі Артысту. Але ў бязьмежныя інтарэсы гурту, гледзячы па лірыцы, уваходзяць чамусьці толькі далёкія краіны пад вяршэнствам чорнага кантынэнту і яе бесьсьмяротнай Аранжавай ракі. Ці то не давалася геаграфія Беларусі ў 9 клясе, ці то гэты прадмет не надта шанаваўся ў Вілейскай школе, адкуль пайшоў Артыст, але родныя геааб’екты замацаваліся ў дыскаграфіі «Без Билета» адзінай даволі сьціплай, затое манумэнтальнай кампазыцыяй «Мая Радзіма Беларусь».

У краіне ідэалягічных красамоўцаў «Ляпіса Трубяцкога» і рамантычных мэнэстрэляў «J:морс» працэс запудрываньня мазгоў ужо, падаецца, прызнаны эталёнам клясычнай рок-каманды. Але «Без Билета» ня супраць выпрацаваць свой стандарт, бясконца маніўруючы недзе на мяжы попа і року. Бясспрэчны гіт «Афрыка», які на канцэрце музыкі з дапамогай слухачоў ставяць бадай што на ўзроўні мініспэктаклю, лепшы доказ гэтага.

У любым выпадку, Афрыка ня так ужо і далёка. І калі пасьля выхаду з канцэрту золкі менскі дождж так і намагаецца «ўступіць» цябе ў бяздонную лужыну, несьціхаючы покліч «ууу-а, Афрыка», які гучыць недзе на ўзроўні безумоўнага рэфлексу, не дае безнадзенай рэальнасьці дастукацца да сьвядомасьці. А Афрыка здаецца не такой ужо і недасяжнай. Каб разабрацца з канкрэтнымі яе каардынатамі, ёсьць яшчэ як мінімум 10 гадоў.

Глядзіце таксама фотарэпартажы з абодвух канцэртаў:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1849 seconds.