На разломе стагодзьдзя

Амаль стагодзьдзе таму, 28 сьнежня 1908 году, жыхары Тракенікаў прачнуліся ў дзьве гадзіны ночы ад адчуваньняў, якіх, напэўна, ня мелі ні да, ні пасьля таго. Іх разбудзіў сямібальны землятрус. Так, у раўніннай Беларусі, зь яе камічнай «гарой» Дзяржынскай, зь яе поўнай «антысэйсьмічнасьцю» адбыўся землятрус. Самы, напэўна, моцны за яе вывучаную гісторыю. І здарылася гэта ў сямі кілямэтрах ад таго месца, дзе хутчэй за ўсё паўстане першая беларуская АЭС.

Раней вёска Тракенікі маглі завабіць адзінае што сядзібай мастака Мар’яна Богуш-Шышкі, якога ангельская крытыка сьціпла называла «мастаком стагодзьдзя». Так і жыло б мястэчка зь ціхім гонарам за салвутага-забытага мастака, каб не вырашылі ў гэтых мясьцінах адбудаваць АЭС і не заўважылі з гэтай нагоды геалягічны разлом, што ўтварыўся тут, хутчэй за ўсё, у выніку далёкага балканскага землятрусу сотню гадоў таму.

Адзіны матэрыяльны доказ тых падзеяў — вялікі роў. Яго варта ўбачыць, бо ён уражвае. Глыбінёю мэтраў 30, але ж працяглы на кілямэтры паўтара. Тут роў больш нагадвае ўзгоркі ўзьбярэжжа Балтыкі дзесьці пад польскай Гдыняй, а ня землі ў трыццаці кілямэтрах ад Нарачы.

Навукоўцы тлумачаць гэтае геалягічнае ўтварэньне тэктанічнымі разломамі, што праходзяць празь Беларусь. На Віленшчыне і Астравеччыне іх цэлая сетка. Пускавы мэханізм утварэньня разломаў, падобных трокеніцкаму, — зьмяшчэньне літасфэрных плітаў у выніку землятрусаў.

Тракенікі
Частка 30-мэтровага рову. Зьняць усю яго шырыню цяжка без спэцыяльнай фотатэхнікі

Цікава, што пры выбары месца для будаўніцтва АЭС ўвагу на пытаньні тэктанічнай бясьпекі ніхто не зьвяртаў. Так, дырэктар Цэнтру геаграфічнага маніторынгу НАН Беларусі Аркадзь Аронаў заявіў, што «Землятрус быў апісаны толькі на старонках „Нашай Нівы“, пры гэтым выкарыстоўваліся сьведчаньні відавочцаў. Аднак у той самы час адбыўся разбуральны землятрус у Мэсіне ў Італіі. І мы ня можам выключыць верагоднасьці, што менавіта пра адгалоскі гэтай зьявы ішла гаворка ў выпадку з гудагайскім [землятрусам]».

У той жа момант яшчэ год таму да таго, як пляцоўка была канчаткова выбраная, загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» Ваган Казанян казаў:

«Астравецкая пляцоўка знаходзіцца ў абсягу магчымага землятрусу. Зямля там растрэсканая, як сподак. А на разломах АЭС будаваць нельга. Таму цяпер геолягі і сэйсматэхнікі сярод разломаў вышукваюць месца, на якое можна паставіць станцыю».

Але на сейсманебясьпенасьць забыліся, пабачыўшы відавочныя эканамічныя выгоды. А той роў, быццам бы, так дасканала ніхто і не дасьледаваў.

Сядзіба-бібліятэка

На самым краі рову стаіць мураваная сядзіба, дзе нарадзіўся мастак Богуш-Шышка. Яго выставы праходзілі ў Рыме, Флярэнцыі, Лёндане, Парыжы, Гамбургу, Варшаве, Любліне, Гдыні. Характарыстыка «мастак стагодзьдзя» належыць славутаму англійскаму крытыку Эрыку Ньютану, які даў яе нашаму земляку ў 1959 г., пазнаёміўшыся зь ягонымі творамі.

Тракенікі
Сядзіба, дзе нарадзіўся «мастак стагодзьдзя»

Цяпер бібліятэка вёскі — на першым паверсе сядзібы, а на другім знаходзіцца ганаровы пакой Богуш-Шышкі. Галоўны экспанат тут — лісты, якія пісаў мастак. Аб неабходнасьці стварыць тут музэй кажуць даўно, але сядзіба як стаяла ў сумным стане, так і стаіць. Хаця Тракенікі маюць сур’ёзнага канкурэнта ў спробе заснаваньня музэю Богуш-Шышкі — горад Кракаў, дзе ён вучыўся, і дзе займаўся рэстаўрацыяй Вавельскага замку яго сын.

Тракенікі
Акрамя самой сядзібы захаваліся некаторыя гаспадарчыя будынкі

Тракенікі

Сядзібна-паркавы комплекс Богуш-Шышкаў — помнік архітэктуры XIX ст.

Як даехаць да Тракенікаў

Паколькі вёска невялікая, грамадзкага транспарту да яе заўважана не было. Можна скарыстацца транспартам, які ў вялікай колькасьці ходзіць у раёне вёскі Варона (ад яе да Тракенікаў 4 км).

Дабрацца ад папярэдняга пукту нашага астравецкага ПраДарожжа, Быстрыцы, можна пешкі (недзе 5 км).

Мапа рэгіёну

Глядзіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе

Чытайце пачатак ПраДарожжа па Астравеччыне ў артыкуле «Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак». Наступным разам працягнем у Варнянах!

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Геранёны, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты і іншыя.

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.