Школьнікі Даніі могуць цяпер карыстацца на іспытах Інтэрнэтам

Паўтара тузіны дацкіх школ сталі першымі навучальнымі ўстановамі ў сьвеце, у якіх афіцыйна дазволена карыстацца Інтэрнэтам у час іспытаў. Калі экспэрымэнт будзе пасьпяховым, улады каралеўства плянуюць дазволіць Сеціва на ўсіх афіцыйных іспытах.

 

Новыя экзамэнацыйныя правілы даволі лібэральныя: у час іспытаў вучням можна наведваць любыя рэсурсы, нават зазірнуць у Facebook. Адзінае, што забаронена — гэта электронныя зносіны з аднаклясьнікамі альбо зь кімсьці па-за межамі клясу.

«У асноўным мы змагаемся з махлярствам проста тлумачачы, што дрэнна, а што не. І папярэджваем, што тыя, хто парушаць правілы, будуць выдаленыя», — кажа настаўніца адной з «экспэрымэнтальных» школ Санэ Ідэ Шмідт.

Па словах настаўнікаў, пытаньні на іспытах складзеныя так, што жульнічаць будзе цяжка. Ад вучняў патрабуецца не канкрэтныя факты і лічбы, а здольнасьць шукаць і аналізаваць інфармацыю. Прычым за вельмі кароткі прамежак часу, паведамляе навінная агенцыя JP.

«За межамі клясу ад вучняў будзе патрабавацца вырашаць нейкія праблемы, карыстаючыся Інтэрнэтам, значыць і у клясе яны мусяць быць здольнымі рабіць гэта», — распавёў BBC міністар адукацыі Даніі Бэртэль Хаардэр.

Апошні адказ на пытаньне аб карыстаньні Інтэрнэтам на іспытах дацкія ўлады плянуюць даць у 2011 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0699 seconds.