Лепшыя альбомы 2009 паводле Experty.by: The Toobes атрымаў 4 узнагароды

Музычныя экспэрты вызначылі лепшыя альбомы году. Узнагароджаньне пераможцаў музычнай прэміі праекту Experty.by прайшло сёньня ў страўні «Камяніца». Нешматслоўныя The Toobes зьвезьлі з закрытай прэзэнтацыі 4 узнагароды за лепшы альбом 2009 году. Віншаваньне аўтараў лепшых альбомаў з 60-ці выпушчаных летась у Беларусі плытак — у рэпартажы Generation.bY.

Беларуская музыка 2009 паводле Experty.by

Праект Experty.by зь ініцыятывы музычнага прамоўтара Зьмітра Безкаравайнага праводзіць узнагароджаньне лепшых альбомаў ужо ў другі раз — леташняе ўручэньне ўзнагародаў прайшло роўна год таму. Але музычныя экспэрты не імкнуцца ладзіць вялікае шоў і ўжо традыцыйна ладзяць цырымонію ў фармаце закрытага прэс-мерапрыемства.


«Усе мы робім гэта як добрую справу, не як працу — ніхто нічога за гэта не атрымлівае. Можа быць, у гэтым нашыя ўзнагароды і нашая праца ў нечым унікальныя», — адзначыў на адкрыцьці імпрэзы Зьміцер Безкаравайны.

Традыцыйна ў вызначэньні лепшых альбомаў па вэрсіі праекту Experty.by ўзялі сталыя аўтары сайту: музычныя крытыкі Зьміцер Падбярэскі, Алег Клімаў, Сяргей Будкін і Зьміцер Безкаравайны. Таксама да праекту далучаныя яшчэ 8 прадстаўнікоў розных беларускіх СМІ, якія разам з «штатнымі» экспэртамі склалі «Вялікае журы» і таксама вызначылі сваіх пераможцаў. Як і летась асобна былі адзначаныя лепшыя альбомы па вэрсіі «Журы замежных экспэртаў».

Сёлета Experty.by увялі новую намінацыю — «Прыз народных экспэртаў», пераможцы ў якой вызначаюцца шлягам інтэрнэт-галасаваньня зарэгістраваных карыстальнікаў сайту. Таксама леташняя намінацыя «Лепшы фольк-альбом» сёлета замененая на «Лепшы беларускамоўны альбом», бо, як патлумачылі заснавальнікі прэміі, «у гэтым годзе амаль ня было фолькавых альбомаў, таму, на жаль, фольк-узнагароду адклалі да лепшых часоў».

Агулам беларускую музычную сытуацыю пасьля праслухоўваньня 60-ці альбомаў Зьміцер Падбярэскі ахарактарызаваў так:

«Усё гэта дзякуючы намаганьням Зьмітра Безкаравайнага — гэтага арганізатара, натхняльніка, які прымушае нас пісаць хоць нешта пра тое, што нам слухаць зусім ня хочацца і безь якога мы б гэта ня слухалі ніколі. Шмат у гэтым годзе была выдадзена цікавага і ня вельмі. Прыгожыя жанчыны сьпявалі непрыгожыя песьні… Часам слухаць гэта было даволі цяжка».

Алег Клімаў падтрымліваў жартаўлівы настрой калегаў, але адзначыў прыемную на ягоны погляд тэндэнцыю: траціна з выдадзеных у 2009 годзе альбомаў — рокавыя. Сваю думку выказаў і сябра замежнага журы дырэктар радыё «Хит-ФМ» (Украіна) Віталь Драздоў:

«Па роду сваёй працы я кожны месяц адслухоўваю па 60 новых альбомаў украінскіх выканаўцаў і скажу, што колькасьць шлаку, які дасылаюць украінскія музыкі, прыблізна роўная колькасьці шлаку ад беларускіх, якіх даслаў Безкаравайны:) Але да гонару беларускай музыкі, гэты шлак стаў нечым паспакайней. І наагул сёлета былі гурты, якія мяне насамрэч уразілі — і магілёўскія „Глюкі“, і ангельскамоўныя „Yellow Brick Road“, „The Toobes“ і іншыя».

Чатыры дыплёмы на трох

Адчыняў сёньняшнюю імпрэзу гурт The Toobes выкананьнем некалькіх сваіх песень. А як адзначыў Зьміцер Безкаравайны, штогод на прэмію яны запрашаюць выступіць толькі адзін гурт — той, які перамог у намінацыі «Дэбют году». Такім чынам, інтрыга зь пераможцамі ў «дэбюце» трымалася ня доўга, але ўручэньне ўзнагароды не абышлося без моўных перапалак.

«Перамог гурт, якога я асабіста паважаю за тое, што яны робяць, але не прымаю іх за іх грамадзянскую пазыцыю, таму што яны ня толькі ня могуць зьвязаць двух слоў па-беларуску, але й адмаўляюцца разумець па-беларуску», — прадставіў The Toobes музычны крытык Сяргей Будкін.

The Toobes быў зусім нешматслоўны і амаль не камэнтаваў свае ўзнагароды, але па выніку на траіх хлопцы атрымалі ажно чатыры перамогі за альбом «Hello»: як лепшы альбом паводле экспэртаў, паводле вялікага журы, як лепшы дэбютны альбом і лепшы рок-альбом.

«Дзякуй усім вялікі, насамрэч мы гэтага вартыя — кажу пра гэта з упэўненасьцю», — адзначыў на атрыманьні першай узнагароды лідэр The Toobes Стас Ламакін. «Дзякуй, будзем старацца. Спадзяемся, гэта сыграе нейкую ролю ў нашай кар’еры», — дадалі хлопцы пасьля другой узнагароды. Далей «зэтубсы» ледзь пасьпявалі за новымі дыплёмамі, але камэнтавалі падзеі яшчэ меней.

«Калекцыянуйце ўзнагароды, і калі трэба нешта сказаць — дайце мне знаць!» — жартам ратаваў музыкаў Зьміцер Падбярэскі, спрабуючы счытаць эмоцыі з маўклівых твараў «зэтубсаў» і замест іх адкамэнтаваць атрыманыя ўзнагароды. «Мы размаўляем музыкай, таму слухайце нашу музыку!» — дадаў напрыканцы вакаліст The Toobes, але сьпець усё ж не рызыкнуў.

Па пятох за The Toobes ішлі магілёўскія «Глюкі» — гурт, які ўжо не існуе, але музыкі з гурта цяпер стварылі новы праект «Akute». Альбом «Глюкаў» «Ідыятызм» атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшы беларускамоўны альбом». У ТОП-10 музычных і народных экспэртаў гурт атрымаў 2-е месца.

Узнагароды 2009 году раздадзеныя, а Experty.by ужо гатовыя да музычных адкрыцьцяў году гэтага. Фармат прэміі мяняць таксама пакуль не плянуюць, бо як і летась Зьміцер Безкаравайны адзначае, што «задача гэтых узнагародаў — вылучыць найлепшыя альбомы і зрабіць так, каб пра гэта напісала прэса».

Пераможцы ў намінацыях:

  • Лепшы дэбютны альбом — The Toobes «Hello»
  • Лепшы поп-альбом — Atlantika «Taboo»
  • Лепшы рок-альбом — The Toobes «Hello»
  • Лепшы рэкард-лэйбл — «West Records»
  • Лепшы беларускамоўны альбом — «Глюкі» «Ідыятызм»
  • Прыз народных экспэртаў — CherryVata «ViaVanilla»
  • Прыз замежных экспэртаў — Port Mone «Dip»
  • Прыз вялікага журы — The Toobes «Hello»
  • Лепшы альбом — The Toobes «Hello»

Пазнаёміцца з ТОП-10 ва ўсіх намінацыях можна на сайце Experty.by.

Глядзіце таксама вялікі фотарэпартаж з уручэньня ўзнагародаў Experty.by

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.