Кодэкс аб адукацыі амаль гатовы да прыняцьця

2 красавіка адчынілася веснавая сэсія беларускіх дэпутатаў. На ёй, цалкам верагодна, у другім чытаньні можа быць разгледжаны Кодэкс аб адукацыі, паводле якога робяцца больш жорсткімі ўмовы разьмеркаваньня выпускнікоў, уводзяцца «дамовы на падрыхтоўку» спэцыяліста і дыплём дасьледчыка.

Як заяўляў увосень, у час прыняцьця Кодэксу ў першым чытаньні старшыня камісіі ПП па адукацыі Ўладзімер Здановіч, другое чытаньне мусіла адбыцца не раней як праз год пасьля першага. Але, падаецца, умовы зьмяніліся.

«Практычна завяршалі працу працоўныя групы, а пасяджэньняў у іх было каля 20, і мы ўжо зьвярталі ўсе заўвагі і прапановы, узгаднілі іх і накіравалі праект Кодэксу аб адукацыі ў зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы», — перадае «Еўрарадыё» словы дэпутаткі парлямэнту ад шабаноўскай акругі і намесьніцы старшыні камісіі па адукацыі Галіны Юргілевіч.

Па яе словах, калі працэс узгадненьня пойдзе хутка і пасьпяхова, то праект Кодэксу дэпутаты разгледзяць падчас веснавой сэсіі.

Але ў афіцыйным парадку сэсіі парлямэнту пакуль Кодэксу аб адукацыі няма. Затое, як піша «Комсомольская правда», ужо ў траўні могуць быць прынятыя папраўкі ў закон аб воінскай службе, паводле якіх завочнікаў пачнуць забіраць у войска. І пачацца гэта можа ўжо з зімы.

Як завяраюць дэпутаты, закон будзе тычыцца толькі тых завочнікаў, што паступяць ва ўнівэрсытэты ўжо пасьля ўваходжаньня яго ў сілу:

«Закон ня мае адваротнай сілы. Не істотна, на першым ці пятым курсе ўжо навучаецца студэнт на завочным аддзяленьні. Такіх ніхто чапаць ня будзе», — распавёў у інтэрвію «КП» старшыня парлямэнцкай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Віктар Гумінскі.

Паводле праекту Кодэксу аб адукацыі, калі палова і больш тэрміна навучаньня праходзіла за кошт бюджэту, то выпускнік падлягае разьмеркаваньню. Таксама пашыраецца сьпіс падставаў для сыходу ў акадэмічны адпачынак (зьніжэньне працаздольнасьці) і ўсталёўваецца тэрмін аднаўленьня ў выпадку адлічэньня з ВНУ. Пасьля прыняцьця Кодэксу аднавіцца можна будзе на працягу трох гадоў з моманту адлічэньня.

Агулам на веснавой сэсіі плянуецца разгледзіць 32 законапраекты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0964 seconds.