Twitter трапіў у гісторыю

Бібліятэка Кангрэсу ЗША зоймецца захоўваньнем твітаў — штодзённага флуду 155 мільёнаў юзэраў найпапулярнейшага сэрвісу мікраблогінгу Twitter. Рэплікі, якія па правілах сэрвісу ня могуць быць даўжэйшымі за 140 сымбаляў, далучацца да соцень тэрабайтаў сеціўнай інфармацыі, ужо назапашанай бібліятэкай.


Галоўная бібліятэка ЗША дапаможа Twitter застацца ў гісторыі

Бібліятэка Кангрэсу ЗША вырашыла заняцца назапашваньнем твітаў некалькі месяцаў таму. Прадстаўнікі Twitter тлумачаць гэты крок моцным эфэктам, які аказвае сацыяльная сетка на культуру і гісторыю плянэты. У якасьці доказу яны прыводзяць месца Twitter у спробе рэвалюцыі ў Іране альбо распаўсюдзе інфармацыі аб нядаўніх падзеях у Кыргыстане. Тады будучая прэм’ер-міністарка зьвярталася да сьвету праз свой акаўнт на гэтым сайце.

Прадстаўнікі Twitter выказалі сваю задаволенасьць тым фактам, што твіты трапяць у гісторыю. У сваю чаргу 210-гадовая бібліятэка Кангрэсу называе гэту падзею яшчэ адным крокам у сваёй інтэграцыі зь лічбавымі мэдыя.

Як піша The New York Times, на думку бібліятэкараў раней гістарычныя запісы былі нечым элітарным. Пакінуць сьлед у гісторыі маглі толькі тыя людзі, што мелі доступ да выказваньня на старонках часопісаў, кнігаў ці газэт. Лічбавая эпоха зьмяніла гэту сытуацыю.

Твіты будуць архіваваць ў межах амбіцыйнага праекту «Web capture», распачатага дзесяцігодзьдзе таму. У межах праекту бібліятэка калекцыянуе вэб-старонкі, сеціўныя дакумэнты і онлайн-навіны, прысьвечаныя найбольш важным гістарычным падзеям, такім як прэзыдэнцкія выбары альбо падзеі 11.09.2001.

У архівах бібліятэкі ўжо захоўваецца 167 тэрабайтаў такіх старонак, што адпавядае прыкладна калекцыі з 21 мільёну кніжных тамоў.

Чакаецца, што твіты будуць выкарыстоўвацца дасьледчыкамі будучага, якія пажадаюць вывучыць штодзённае жыцьцё людзей. Так што ўся бязглузьдзіца ў вашым блогу стане даступная многім пакаленьням дасьледчыкаў.

Цяпер трапная парада «думай перад тым як посьціць» набывае новае гучаньне: кожны твой пост застанецца ў гісторыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1164 seconds.