У Менску адчыніцца першы прыватны арткінатэатар Rubin Plaza з 3D-заляй

Праспэкт Дзяржынскага, 5 — такую адрэсу трэба запомніць менскім кінааматарам. Новы кінатэатар прэміюм-клясы Rubin Plaza адчыніцца ў аднайменным гандлёва-забаўляльным цэнтры ўжо гэтым летам. Першы ў беларускай сталіцы прыватны арткінатэатар будзе складацца зь дзьвюх лічбавых заляў: на 94 і 54 месцы, на месцы будзе працаваць кінабар з папкорнам, а ў холе разьмесьціцца музычны паб.

У першай залі Rubin Plaza будуць дэманстравацца найноўшыя сусьветныя прэм’еры ў папулярным фармаце 3D. Другая заля кінатэатра будзе арыентаваны на артхаўс і тэматычныя праграмы.

Акрамя арыгінальнага рэпэртуару, у Rubin Plaza будуць і іншыя ўнікальныя прапановы для менскага гледача. Паказы ў арткінатэаты будуць ісьці кругласуткава. У Rubin Plaza разьмесьціцца кінабар, у якім упершыню ў Менску будуць рыхтаваць звыклыя для гледачоў ва ўсім сьвеце папкорн і салодкую вату.

Кошты квіткоў на сэансы будуць вар’іравацца ў дыяпазоне ад 3 да 35 тысяч рублёў у залежнасьці ад дня тыдня, часу сутак і тэхналёгіі паказу. Прадугледжаныя зьніжкі для розных катэгорый гледачоў — студэнтаў, школьнікаў, пэнсыянэраў, інвалідаў, сем’яў.

«Відавочны дысбалянс паміж агульным разьвіцьцём Менску як сучаснай сталіцы і ўзроўнем разьвіцьця кінапаказу ў горадзе, — кажа дырэктар арткінатэатра Rubin Plaza Аляксандр Нікалайчук. — Шматлікія менчукі мараць пра кінатэатры эўрапейскага ўзроўню з 3D-заляй, нестандартным рэпэртуарам і разьвітой інфраструктурай. Гэтую калектыўную мару мы стараемся ўвасобіць у жыцьцё ў Rubin Plaza».

У холе арткінатэатру разьмесьціцца паб, у якім па вечарах будуць праходзіць музычныя і забаўляльныя праграмы. Камфортнасьць прагляду фільмаў у кіназалях будуць забясьпечваць зручныя крэслы з падлакотнікамі і падшклянкамі для напояў і папкорну. У арткінатэатры прадугледжаныя VIP-карты, якія забясьпечаць доступ на любыя сэансы без чаргі.

Дата адкрыцьця арткінатэатру будзе вызначаная пазьней. На сёньня ў будынку завяршаюцца будаўнічыя і аздабленчыя працы. Аднак рэпэртуар ужо фармуецца — на днях кіраўніцтва арткінатэатру Rubin Plaza адправілася на міжнародны кінакірмаш у Сочы. Там будзе закуплены цэлы шэраг чаканых прэм’ер для пракату ў Rubin Plaza як у 3D, так і ў дзьвюхмерным фармаце.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1188 seconds.