Мінкульт ініцыюе скасаваньне гастрольных пасьведчаньняў

Папулярную ў апошні час тэму «пэрспэктывы разьвіцьця фэстывальнага руху» абмяркоўвалі сёньня ў Менску. Незвычайная па складзе ўдзельнікаў размова атрымалася на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай фэстывалю «Аксамітны сэзон». Побач сядзелі малады прамоўтэр альтэрнатыўнай беларускай музыкі Саша Багданаў і начальнік упраўленьня мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Іванавіч Казловіч.

«Кожны фэстываль мусіць мець свой непаўторны твар. Фэстываль, які праходзіць у прэстыжных канцэртных залях, і фэстываль на хутары — усе яны маюць месца быць. Галоўнае ў ідэі і зьмесьце фэсту», — зазначыў прадстаўнік Мінкульту.

У Беларусі штогод пры падтрымцы дзяржавы ладзяцца каля 50 фэстываляў. Сярод іх «Славянскі базар» у Віцебску, Нацыянальны фэстываль песьні і паэзіі «Маладзечна», «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Залаты шлягер» у Магілёве ды таму падобныя.

Аляксандар Багданаў і Дзьмітрый Шэпелевіч

Прадстаўнікі незалежных канцэртных агенцыяў — Bo Promo і UniArtPromo — у сваю чаргу даводзілі, што незалежныя фэстывалі не зьяўляюцца альтэрнатывай мерапрыемствам зь дзяржаўнай падтрымкай і «маюць такую ж творчую і інтэлігентную аснову».

Кіраўнік UniArtPromo Дзьмітрый Шэпялевіч скарыстаўся момантам, каб асьцярожна выказаць некаторыя балючыя праблемы беларускіх арганізатараў канцэртаў. Вядома ж, гэта перш за ўсё вялікая колькасьць папераў, якія неабходна ўзгадняць перад любой імпрэзай. Узгадаць дакладную колькасьць усіх тых папераў Дзьмітрый ня змог нават з дапамогай прадстаўніка Міністэрства культуры.

Асобнай тэмай гаворкі стала яскравая асаблівасьць беларускага шоўбізнэсу — «гастрольныя пасьведчаньні».

«Калі за стандартнае гастрольнае пасьведчаньне на паўтары тысячы гледачоў я плачу 280 тыс. за беларускіх выканаўцаў, то за замежнікаў — 2 800 000 бел. рублёў. Гэта фактычна прыраўноўваецца да ганарару многіх замежных выканаўцаў. А гэта цягне за сабою павелічэньне кошту квіткоў», — паскардзіўся Шэпялевіч.

Начальнік зь Міністэрства культуры патлумачыў такую сытуацыю клопатам пра беларускіх выканаўцаў. Такі вялікі кошт для замежнікаў быў зроблены для таго, каб мець магчымасьць зрабіць для беларусаў яго ў 10 разоў ніжэйшым. І абрадаваў усіх прысутных ініцыятывай Паўла Латушкі:

«Зараз наш міністар выступіў зь ініцыятывай аб адмене працэдуры выдачы пасьведчаньняў на мерапрыемствы з удзелам беларускіх артыстаў. Я думаю, мы гэтага даб’емся, і хутка гэтая працэдура для беларускіх выканаўцаў будзе адмененая наагул. Ня будзе ні пасьведчаньняў, ні пошлін».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1472 seconds.