Аксамітны не сэзон

Выдатная пляцоўка ў 20 км ад Менску амаль без міліцыі і з адэкватнай аховай, насычаны лайн-ап зь цікавых беларускіх ды замежных гуртоў, дзьве ночы, некалькі сцэнаў і зонаў для адпачынку, бары і намётавы гарадок — такім мроіўся арганізатарам ды наведнікам першы міжнародны музычны фэстываль «Аксамітны сэзон». Міліцыі сапраўды было толькі адзін ці два патрулі, і ахова бала амаль незаўважная — падавалася, галоўная загана беларускіх фэстаў тут вырашаная на выдатна. Аднак у першы дзень другая сцэна так і не запрацавала, ежа не даехала, а ноч, холад і дождж напужалі патэнцыйных гледачоў. Падзея нагадвала хутчэй нясьпешны саўндчэк да міжнароднага фэстывалю.

Парк адпачынку ў мястэчку «Крутагор’е», што месьціцца паміж Заслаўем і Дзяржынскам насамрэч можа стаць добрай пляцоўкай для беларускіх фэстываляў. І некалькі сцэнаў тут зьмесьцяцца, і намёты ставіць можна, і па горках палазіць, і на конях пакатацца… Аднак пачатак верасьня даў такога надвор’я, што кутаючыся ў шалік і нацягваючы рукавы на пальцы ў спадзевах схавацца ад начнога дажджу пад дрэвам, назоў фэсту ўзгадваўся зь іроніяй, а думкі пра сьветлую будучыню імпрэзы перабіваліся надзённымі марамі пра гарачы кубак гарбаты.

А сёмай вечару, у заплянаваны пачатак, у парку было амаль бязьлюдна, рыхтавалася да адкрыцьця толькі адна сцэна. Яшчэ праз гадзіну праграма распачалася фэстам актуальнай беларускай музыкі «Можна!» Дзьве сотні прыхільнікаў гуртоў дабраліся да Крутагор’я ды напоўніцу адрываліся ў мокрай гразюцы пад сцэнай. Morfe Acoustic Band, Gurzuf, «НаГуаль», «Касіяпея», «Серебряная свадьба», The Toobes, «Петля пристрастия», Drum Ecstasy — ім ёсьць што ўзгадаць.

«Дзякуй фэсту, дзякуй арганізатарам за тое, што робяць! — аптымістычна заяўляў галоўны балотны этна-панк Лёня Паўлёнак. — Саша Багданаў сядзіць за сцэнай зьмерзлы і ў жаху: другая сцэна не працуе, ежа не даехала».

Аднак мы знайшлі ў начным парку драўляны бар, дзе можна было цішком дарвацца да глінтвэйну. Праўда, там у самы адказны момант зьнікла электрычнасьць. Падавалася, што адсутнасьць чаканай колькасьці гледачоў не матывавала арганізатараў рабіць нешта для тых, хто ўсё ж такі даехаў. Дзьве кропкі, дзе можна было падсілкавацца гарбатай, не спраўляліся і з той невялікай колькасьцю наведнікаў.


Пра тое, што адбывалася на іншых пляцоўках парку, вяшчалі са сцэны: «У чылаўце паставілі пушкі з гарачым паветрам, там можна пагрэцца…», «Ды-джэі з другой сцэны перабіраюцца ў намёт „Графіці“!». Частка музыкаў, якія меліся выступіць на другой сцэне, якая так і не пачала працу, склалі гітары ды паехалі грэцца ў Менск. Самымі рызыкоўнымі апынуліся RockerJoker, якія нікуды не паехалі ды наладзілі душэўны канцэрт у цёплым чылаўце.

На фэсьце працавала прэс-зона, дзе хіба не ўпершыню на падобных беларускіх мерапрыемствах можна было пакамунікаваць з кожным гуртом на брыфінгу пасьля выступа.


Выглядала так, што арганізатары ведаюць як і ўмеюць зрабіць класны фэстываль. Аднак штосьці ім перашкодзіла. Хочацца верыць, што гэта было менавіта надвор’е. Першая ноч хутчэй нагадвала саўндчэк да анансаванага «Аксамітнага сэзону». Мы канчаткова зьмерзьлі недзе перад выступам The Toobes і паехалі парыць ногі, не рызыкнуўшы прыехаць на ноч другую.



Глядзім фотарэпорт з першага дня фэсту «Аксамітны сэзон»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0841 seconds.