Названыя лепшыя беларускія дыскі першага паўгодзьдзя 2010

Сайт Experty.by апублікаваў сьпіс лепшых беларускіх дыскаў першага паўгодзьдзя 2010. Першае месца ў рэйтынгу заняў альбом гурта «Дзецідзяцей» «Рух».

Гурт «Дзецідзяцей» была заснаваны ў 2006 годзе акторамі Ганнай Хітрык (вакал, гармонік, бубен), Зьміцерам Есяневічам (гітара) і Міхаілам Зуем (гітара, вакал). «Рух» — трэці студыйны альбом калектыву і першая праца на беларускай мове. Дыск, які экспэрты прызналі лепшым у гісторыі гурта, выйшаў у пачатку траўня, а ўжо празь месяц стала вядома, што калектыў прыпыніў сваю дзейнасьць. На днях было абвешчана, што ў пачатку кастрычніка частка «Дзецідзяцей» на чале з Ганнай Хітрык прадставіць свой новы праект S*unduk, а Есяневіч і Зуй заснавалі новы гурт «Или-Или».

Таксама сярод лідэраў першага паўгодзьдзя дэбютны альбом гурта Hvarna (новы праект лідэра фолк-гурта Osimira Андрэя Палаўчэні), новы альбом гурта Mauzer (Магілёў), акустычны канцэрт «J:морс» і дзьве часткі нядаўняга пасьвячэньня Васілю Шугалею — «пасьмяротны» альбом гурта «Ы.Ы.Ы.» «Зеленое золото», запісаны са Зьміцерам Вайцюшкевічам у якасьці вакаліста, і трыб’ют «Васька Ж.Ы.В.!», у запісе якога прынялі ўдзел гурты «Крамбамбуля», «Кассиопея», «Серебряная Свадьба».

Сярод асноўных тэндэнцый першага паўгодзьдзя сайт называе скарачэньне агульнай колькасьці выпушчаных альбомаў на 30%, першы за апошнія гады выпадак перавышэньня колькасьці беларускамоўных альбомаў над расейскамоўнымі і расьце колькасьць інтэрнэт-рэлізаў.

Поўная вэрсія рэйтынгу (уключаючы асабістыя рэйтынгі крытыкаў), онлайн-праслухоўваньне альбомаў і падрабязны аналіз тэндэнцый першага паўгодзьдзя даступныя на сайце www.experty.by.

Паводле прэс-рэлізу

11:00, 08/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0996 seconds.