10 вершнікаў на конях перасякаюць Беларусь па шляху Вітаўта

Прыняўшы выклік, на які яшчэ ніхто не вырашаўся вось ужо 600 гадоў, восем мужчын і дзьве жанчыны на канях 8 верасьня выехалі зь Літвы па шляху Вітаўта. Да 18 кастрычніка яны маюць намер дасягнуць Чорнага мора ва Ўкраіне. Удзельнікі незвычайнага праекту «2000 км гісторыі» па шляху наведваюць важнейшыя гістарычныя аб’екты ВКЛ. За плячыма ў наезьнікаў ужо чвэрць шляху: Літва і гарады Беларусі. Заўтра каманда будзе ўжо ва Ўкраіне. А пакуль ёсьць магчымасьць паглядзець некалькі здымкаў з коннага падарожжа.


Праект ініцыяваны Гедрусам Клімкявічусам, які вядомы беларусам як арганізатар фэстывалю Be2gether. 10 вершнікаў на конях пройдуць 2000 кілямэтраў, каб па-новаму даведацца і ўвекавечыць паходы Вялікага Вітаўта, а таксама пашырыць веды пра малавядомую мінуўшчыну ВКЛ, падкрэсьліваючы ягоную значнасьць ня толькі ў рэгіянальным, але і ў эўрапейскім кантэксьце.


«Уражаньні проста з шэрагу нерэальных. Віды й ваколіцы, якія мы перасякалі, вельмі відовішчныя. Нашы прадзеды пакінулі тут значныя сьляды. І падарожнічаючы па гэтых шляхах, цябе ахопліваюць неверагодныя эмоцыі.

Натуральна, ня менш цікавы і каштоўны вопыт самога падарожжа верхам на конях у групе коньнікаў. Коні сталі нашымі вернымі партнэрамі. І хоць, фізычная, а таксама псыхалягічная стомленасьць вельмі вялікая, аднак пачуцьцё, якое мы адчуваем пры язьдзе верхам, усё акупляе», — распавядае Гедрус Клімкявічус, які на час паходу асядлаў кабылу па мянушцы Бомба.


У Беларусі да вершнікаў далучыўся бяздомны сабака, які стаў яшчэ адным поўным рашучасьці ўдзельнікам паходу. Атрымаўшы імя Алшыс, сабака аддана суправаджае вершнікаў і выконвае ролю вартаўніка ў лягеры. Арганізатары паходу ўжо паклапаціліся пра вэтэрынарныя дакуманты, каб сабака мог працягваць паход на Ўкраіне, а пазьней вярнуцца з удзельнікамі экспэдыцыі дадому.

«2000 км гісторыі» — гэта гістарычна-культурны 40-дзённы паход верхам на конях па тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да Чорнага мора. Гэта міжнародны сацыяльны-адукацыйны праект, мэта якога па-новаму зафіксаваць гістарычныя карані Літвы. У паходзе прымаюць удзел 10 непрафэсійных наезьнікаў, якія працуюць у сфэрах прадпрымальніцтва, сельскай гаспадаркі, мастацтва, і адважыліся пераадолець 2000 км да Чорнага мора.

17:00, 20/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0755 seconds.