Каманду коннага падарожжа «2000км гісторыі» пакінуў правадыр

Працягваем сачыць за незвычайным «конным» падарожжам «2000 км гісторыі» зь Літвы празь Беларусь ва Ўкраіну. На выходных удзельнікі праекту дасягнулі адной з найважнейшых кропак падарожжа «па шляху Вітаўта» — горад Луцк ва Ўкраіне. Удала пераадолеўшы амаль палову шляху да Чорнага мора, з-за пагаршэньня здароўя з каманды вымушаны сысьці правадыр вершнікаў Вайдотас Руйбіс.

«Аднавіліся старыя сур’ёзныя хваробы. Ня думаю, што так здарылася з-за занадта вялікай нагрузкі — ня першы дзень у шляху. Хутчэй, з-за бытавых і пагодных умоваў. Час, які я правёў тут, быў вельмі вясёлы, зьяжджаць па-сапраўднаму шкада», — сьцьвярджае 49-гадовы Руйбіс, які палову шляху вёў за сабою вершнікаў.

Нагадаем, праект «2000 км гісторыі», ініцыяваны арганізатарам фэсту Be2gether Гедрусам Клімкявічусам. Восем мужчын і дзьве жанчыны на конях вандруюць ужо 20 дзён зь Літвы празь Беларусь і да Чорнага мора, куды мусяць прыйсьці 18 кастрычніка. Коньнікі па шляху наведваюць важнейшыя гістарычныя аб’екты ВКЛ, каб па-новаму даведацца і ўвекавечыць паходы Вялікага Вітаўта.

У суботу ўдзельнікаў паходу «2000 км гісторыі» сустракалі жыхары Луцка. Менавіта тут павінна была адбыцца каранацыя Вітаўта Вялікага. Трыццаць гадоў таму назад рэстаўраваны Луцкі замак, які ў 1429 г. быў праслаўлены на ўсю Эўропу, калі Вітаўт Вялікі склікаў эўрапейскіх манархаў на банкет неверагоднага маштабу.

На выходных прыхварэў і сабака Алшыс, які далучыўся да ўдзельнікаў паходу ў Беларусі. Адданага спадарожніка вершнікаў арганізатары экспэдыцыі забясьпечылі вэтэрынарным пашпартам, каб той змог перасекчы мяжу Беларусі-Ўкраіны. Цяпер сабака, які стаў адным з талісманаў падарожжа, прыхварэў, аднак, па словах вэтэрынара, нічога сур’ёзнага ня мусіць быць і сабачка пройдзе курс лячэньня «ў дарозе».

Новыя здымкі з падарожжа

13:00, 28/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.066 seconds.