Пугач баяўся здымацца ў новым кліпе J:морс побач з супэрмэнам

Гурт «J:морс» прадставіў у Сеціве кліп на песьню «Мамонаў» — маляўнічую пародыю на сучаснае відэамастацтва з чырлідэрамі, піратэхнікай, аголенымі целамі ды галівудзкімі зоркамі. Ролік зрэжысавалі Міхей Насарогаў ды Макс Сіры. Пачуўшы пра ідэю да кліпа, Пугач хацеў адмовіцца ад удзелу, аднак урэшце здаўся.

«Мамонаў» — першая песьня з новага альбома гурта, які мусіць выйсьці ў лістападзе. Кліп на яе зрэжысаваны творчым тандэмам Rockerjoker (Макс Сіры і Міхей Насарогаў), які год таму зьняў для «J:морс» шок-відэа на песьню «Мы станем». Новы ролік атрымаўся вельмі пазытыўным, але, традыцыйна для гэтых рэжысёраў, вельмі спрэчным.

«У аснове гэтага відэа ляжыць гумар на тэму стэрэатыпаў, якія склаліся ў кліпмэйкерстве, — распавядае Міхей Насарогаў. — Мы сабралі ў адным роліку ўсе штампы пасьпяховых поп-кліпаў і давялі іх да поўнага абсурду. Усе танчаць і ўсьміхаюцца, а вакол агонь, выбухі і, само сабой, прыгожыя дзяўчыны! Прычым многія рэчы паказаны даступнымі сродкамі, з добрай доляй самаіроніі. Напрыклад, у нейкі момант музыкі гурта пераўвасабляюцца ў зорак Галівуда з дапамогай апранутых на галаву кардонных скрынак з выявамі Бруса Ўіліса, Мікі Рурка, Сільвестра Сталонэ ды іншых знакамітых актораў».

Уладзімір Пугач пагадзіўся на здымкі ў падобным кліпе не адразу, але зусім не з-за неабходнасьці апранаць кардонную скрынку на галаву:

«Шчыра кажучы, я ўпаў у ступар, калі пачуў пра лятаючага супэрмэна. Але затым вырашыў, што нават калі з гэтага нічога не атрымаецца, то мы выдатна павесялімся. У выніку ж мы перавыканалі плян — і павесяліліся, і кліп выдатны зьнялі».

Ролю супэрмэна выканаў Сяргей Тоўсьцікаў, актор Новага драматычнага тэатру. Ён бегае па пляцоўцы з бэнзінам і піратэхнікай, пасыпае музыкаў мукой і палівае фарбай.

«Я граю такога сапраўднага беларускага супэрмэна. Відаць, што ён — просты нармальны пацан. Вонкава някідкі, але пры гэтым у яго цудоўны і гарманічны ўнутраны сьвет», — кажа Сяргей.

Паглядзець кліп і спампаваць песьню можна на афіцыйным сайце www.jmors.by. Канцэртная прэзэнтацыя новага альбома адбудзецца 11 сьнежня ў сталічным Палацы Спорту. Квіткі: ад 15 да 45 тыс. Танцпляц — 25 тыс. Тэл. касы: (017) 203 27 33, тэл. дастаўкі: (029) 688 48 38. Квіткі ў продажы з 1 лістапада.

13:00, 26/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0807 seconds.