Лукашэнка: «Сёньня Інтэрнэт не закрыеш»

Беларускі прэзыдэнт выказаўся адносна ўласнага ўказу, што ўводзіць абмежаваньні на карыстаньне Інтэрнэтам у Беларусі.

Неабходнасьць увядзеньня абавязковай рэгістрацыі для ўладальнікаў сайтаў, забароны для беларускіх кампаній на працу з замежнымі інтэрнэт-рэсурсамі і ўвядзеньня адміністратыўнай адказнасьці за парушэньне гэтых нормаў прэзыдэнт тлумачыць эканамічнымі прычынамі:

«Калі мы заняліся цяпер Інтэрнэтам, то ўбачылі свае магчымасьці, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады аб стане і пэрспэктывах разьвіцьця анкалягічнай дапамогі ў Беларусі. — І сёньня мяне крытыкуюць за ўказ па Інтэрнэту не таму, што тут дыктатура, а таму што мы грошы, мільёны долараў забіраем у тых, хто калісьці карыстаўся нашым становішчам, геаграфічным у тым ліку, і нашымі магчымасьцямі, кішэні набівалі. Сёньня мы гэта павярнулі ў краіну», — дадаў ён.

Як перадае БелТА, Лукашэнка лічыць, што «сёньня ж [доступ у Інтэрнэт] не закрыеш».

Гледзячы па ўсім, першае, што ён бы ня супраць «зачыніць», — блог свайго калегі Дзьмітрыя Мядзьведзева, ў адным з апошніх допісаў якога была разьмешчаная даволі крытычная ацэнка дзейнасьці прэзыдэнта Беларусі.

«Як забараніць Залуцкаму (Іосіф Залуцкі — доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, член-карэспандэнт НАН Беларусі) выйсьці на сайт прэзыдэнта Расеі, блогера, і прачытаць бруд адносна яго беларускага калегі? Ніхто не забароніць! Ён выйдзе і прачытае. Або яшчэ на нейкія сайты і старонкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У пачатку тыдня зьявілася інфармацыя аб падрыхтаваных папраўках у адміністратыўны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне палажэньняў скандальнага ўказу прэзыдэнта № 60.

Паводле допісу, разьмешчанага ў твітэры юзэра televizor, ужо зьявіліся першыя адрасы ў сьпісах сайтаў, доступ да якіх паводле ўказу № 60 мусяць абмяжоўваць беларускія правайдэры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1957 seconds.