«У нескладовае»: экспрэс Менск-Масква

Мегамалады і настолькі ж амбіцыйны праект «У нескладовае» даў свой першы вялікі канцэрт на беларускай зямлі. На сцэне «Рэактару» зь цяжкасьцю знайшлося месца для ўсяго зорнага складу «Ў», нягледзячы на тое, што на сёньняшні выступ даехалі ня ўсе заяўленыя вакалісты. Галоўным лёзунгам вечару стала «На Маскву!», а асноўным пытаньнем — колькі яшчэ разоў усе гэтыя славутыя воіны мікрафону змогуць сабрацца разам?

Найбольш амбіцыйны праект беларускай рок-музыкі прыйшоў адтуль, адкуль яго наогул ніхто і не чакаў — з чэрава задымленай і закаркованай Масквы, дзе тусуецца большая частка касьцяку гурта. Пачалося ўсё з таго, што на «маленькай куханьцы» гітарыста «Ў» Вадзіма Марголіна дзесьці ў сэрцы гэтага мэгаполісу неяк нарадзілася ідэя «сьпяваць па-беларуску».

Галоўнай фішкай праекту стала яго поўная беларускамоўнасьць, галоўным мэтадам — адсутнасьць пастаяннага саліста, а дакладней — прысутнасьць многіх салістаў з самых розных тусовак. Некаторыя зь іх даўна і з задавальненьнем качуюць з аднаго супольнага праекта ў іншы, а ёсьць і такія, хто па-беларуску асабліва ніколі і не сьпяваў.

Так, на сцэне адзначыліся Алег Хаменка з «Палацу», Уладзімір Пугач з J:Морс (адтуль, дарэчы, паходзіў і Раман Арлоў — адзін з галоўных ідэолягаў праекту), паэт Андрэй Хадановіч, які калі і не сьпяваў, то чытаў рэп на ўласныя эратычныя вершы, нават Аляксей Хлястоў, што прадэманстраваў усе свае вакальныя дадзеныя, папрацаваўшы з публікай у стылі «а дзе вашы ручкі?» Некаторыя з заяўленых зорак на сцэну ня выйшлі: нехта завіс у Вашынгтоне, а, напрыклад, 

«Руся ня здолела прыехаць з Варшавы», — патлумачылі адсутнасьць адной зь нешматлікіх дзявочых вакалістак «Ў» музыкі.

Але гэта толькі для менскай вэрсіі гурту «чакалядна» мець дзесятку вакалістаў. У галоўным, экспартным варыянце «У нескладовага» праз сэлекцыю і натуральны адбор мусяць застацца два-тры самых крутыя і надзейныя твары. Пакуль такімі выглядаюць Віктар Рудэнка з «Далі», Яўген Чалышаў з «Харлі» і містэр-харызма Аляксандар Памідораў. Рэп апошняга стаў нечакана добрым і нейкім пазытыўным, асабліва ў пікавай кропцы праграмы даволі эпічнай кампазыцыі «Ня кожны».

Назад у Бабілён

Але казаць, што гурт «прыйшоў» да нас — не зусім правільна. «У нескладовае» разьлічанае перш за ўсё на «сваю», маскоўскую публіку, і таму ў расейскай сталіцы — «бліжэйшым да нас Бабілёне», як кажуць удзельнікі гурту, — ён, гледзячы па ўсім, і застанецца.

Чальцы гурту — бясспрэчна выдатныя хлопцы зь вялікім вопытам і добрымі намерамі, якім проста не дае спакою слава «Акеану Эльзы» і «Вопляў Відаплясава». Але ў пэўны момант ствараецца ўражаньне, што іх галоўная праблема — беларускі пашпарт у расейскай сталіцы. Ад таго і не пакідае ўвесь канцэрт адчуваньне, што Менск і мясцовая публіка — сумная правінцыя, для якой вельмі важна, каб пра беларускую мову і культуру нарэшце даведаўся хоць нехта з маскоўскай тусоўкі. Хаця б па прыколу.

Глядзім таксама Фотарэпартаж з канцэрту «У нескладовае»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0886 seconds.