МЗС Беларусі: «візавы мяч» на баку ЭЗ

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі заявіў на Менскім форуме, што Беларусь чакае ад ЭЗ пачатку перамоваў аб візавым супрацоўніцтве, але першы крок мусіць зрабіць Эўрапейскі Зьвяз.

«На мой погляд, цяпер мяч знаходзіцца на баку Эўразьвязу, і мы чакаем ад ЭЗ пачатку перагавораў па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю», — заявіў падчас Валерый Варанецкі.


Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі чакае крокаў ад ЭЗ

Па словах намесьнік міністра, на двухбаковым узроўні ужо зроблены шэраг істотных захадаў па спрашчэньню візавага рэжыму з краінамі — суседкамі Беларусі.

«Зь некаторымі дзяржавамі мы ратыфікавалі двухбаковыя пагадненьні. Мы чакаем, што ўсе яны пачнуць працаваць у наступным годзе, зь нейкай краінай раней, зь нейкай пазьней — усё будзе залежаць ад ходу працэсу ратыфікацыі».

Беларусь падпісала, але не ратыфікавала дамовы аб малым памежным руху зь Літвой і Польшчай. Дамовы дазваляюць жыхарам памежных раёнаў перасоўвацца паміж суседнімі краінамі бязь візаў.

Сярод іншых аднабаковых крокаў Беларусі па спрашчэньні візавага рэжыму Валерый Варанецкі назваў магчымасьць грамадзян ЭЗ атрымліваць беларускія візы, ня маючы запрашэньняў (тэрмінам да 30 дзён).

«Гэта значыць, мы сапраўды зрабілі сур’ёзныя захады для таго, каб візавае пытаньне не зьяўлялася перашкодай для разьвіцьця нашых кантактаў, — лічыць Валерый Варанецкі. — Мы чакаем ад ЭЗ пачатку перамоваў па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю».

Па словах старшыні Менскага форуму Райнэра Лінднэра, цяпер існуюць некалькі праектаў дамоваў паміж ЭЗ і Беларусьсю, якія будуць разглядацца толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у краіне. На думку Лінднэра, візавае пытаньне не павінна увязвацца з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Тыдзень таму Рада Эўропы нагадала, што чакае ад Эўракамісіі прапаноў па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1066 seconds.