Зь Менску ў Афрыку на аншлягавым «Дні Безьбілетніка»

7 лістапада ў вялікай залі к/з «Мінск» з аншлягам быў адзначаны «Дзень Безьбілетніка 2010». Наведвальнікі канцэрту захапілі сцэну, удзельнічалі ў розыгрышах, атрымлівалі прызы разам з порцыяй неахопнага шчасьця, якое так і лілося са сцэны. Такую падзею трэба паўтараць!

Без Билета
Здымак з Дзень Безьбілетніка 2009

Дзень Безьбілетніка вось ужо сёмы раз стаў моцным энэргетычным падсілкаваньнем для тысячы фанатаў, якія шчыльна напоўнілі залю. Амаль зь першых гукаў «просто я люблю» палова маладых людзей пакінулі свае месцы і выбеглі ў праходы паміж шэрагамі, паступова ператварыўшы паважную канцэртную залю ў вялікі клюб. Людзі сьпявалі, танчылі, паўтаралі простыя рухі Артыста, які зь дзіцячай непасрэднасьцю бегаў па сцэне туды-сюды, вітаючы і заахвочваючы публіку.

Канцэрт стаўся абсалютна аншлягавым, бо за 10 дзён да імпрэзы квіткі былі цалкам раскупленыя. Для тых, хто не пасьпеў патрапіць на канцэрт, тэрмінова быў арганізаваны наступны канцэрт 13 лістапада ў «Рэактары».

Цяжка дакладна вызначыць, чым абумоўлены такі інтарэс у большай ступені: ці то масавай рэклямай, уключаючы тэлевізійную, ці цікава заяўленай праграмай, ці музыкай, якая апошнім часам набірае ўсё большую папулярнасьць, а хутчэй за ўсё ўсім гэтым разам.

Публіка сабралася даволі маладая: вакол сябе я назірала маладых і вельмі маладых людзей, якім сумаваць дакладна не давялося, бо Віталік прыдумаў для іх багата заняткаў і інтэрактыву. А вось мне — аматару жывога гуку і спакойнага слуханьня — свае цікавасьці задаволіць у максымальнай ступені не давялося. Гуку катастрафічна не хапала. Хацелася зьнікнуць на «двух лодках у акіяне» рамантычных песень, але словаў было не разабраць, а інструманты, падавалася, гучалі часта самі па сабе. Той, хто чуў гурт упершыню, ня меў паўнавартаснай магчымасьці скласьці сваё ўражаньне пра безьбілетную творчасьць.

«Я абавязкова скачаю іх песьні», — пачула я ад замежнага сябра, запрошанага мною на канцэрт.

На ўваходзе перад пачаткам канцэрту наведвальнікі расьпісваліся на рознакаляровых дзьвярах — дэкарацыях з кліпу «Все сразу», а пасьля іх Віталік урачыста ўручыў гледачам, запрасіўшы іх па імёнах на сцэну.

«Нават калі яны гэтыя дзьверы вам не патрэбныя, забірайце іх усё адно, калі ласка».

Таксама героямі канцэртнай сцэны сталі шчасьлівыя гледачы, у якіх на альтэрнатыўным календары «Без Билета» на 2011 год былі ня толькі адзначаныя істотныя падзеі ў біяграфіі гурта і блізкія ім арыгінальныя сьвяты, але і меліся адбіткі двух мішак. Сярод шасьці прэтэндэнтаў шчасьлівай уласьніцай падарожжа ў Афрыку стала дзяўчына Кацярына.

Аднак астатніх прэтэндэнтаў гэта не расчаравала, бо яны сталі вясёлымі «выпускнікамі Афрыканскай танцавальнай школы». Пад задорным кіраўніцтвам Віталіка яны вымушаныя былі таньчыць як сольна, так і ўсе разам пад «Афрыку».

«Песьні, якія можна было слухаць», т.б. сур’ёзныя і мілагучныя склалі першую частку праграмы, а завяршалася ўсё фэерычна, калі сядзець болей на месцах ужо ня мог ніхто. Атмасфэра сусьветнага шчасьця і пазытыву панавала ў залі. Яна ўжо стала візытоўкай гурта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.