Ва Ўнівэрсытэце культуры забаранілі сьвяткаваньне Дня студэнта

«Няправільны плякат» стаў нагодай для забароны сьвяткаваньня Міжнароднага дня студэнта ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў. Адміністрацыя БДУКМ адмяніла раней узгодненае сьвяткаваньне пасьля таго, як пабачыла на адным з матэрыялаў, прасьвечаных Дню студэнта, выяву Адольфа Гітлера. Студэнты адказалі графіці насупраць галоўнага ўваходу ва ўнівэрсытэт.

Гісторыю апісвае блогер Міхась Матусевіч:

«Казалі, што сёньня будзе сьвяткаваньне Міжнароднага дня студэнта ва ўнівэрсытэце культуры. Рыхтаваліся загадзя і грунтоўна: рабілі плякат, прэзэнтацыю, друкавалі ўлёткі пра гісторыю дня студэнта, нарэшце, атрымлівалі дазвол ад адміністрацыі.

Але ў апошні момант усё абламалася — адмовіла адміністрацыя ўнівэрсытэту. Адмову матывавалі тым, што на плякаце ўзгадваецца імя Гітлера…»


Рытарычнае пытаньне ад студэнтаў Ўнівэрсытэту культуры, што па волі адміністрацыі засталіся бяз Дню студэнта: "Хто вінаваты, што ў сьвета такая гісторыя?". Здымак зроблены Міхасём Матусевічам з галоўнага корпусу БДУКМ

Сапраўды, Адольф Гітлер спрычыніўся да заснаваньня чэскімі студэнтам ў 1939 годзе Міжнароднага дня студэнцтва, які пазьней стаў міжнародным.

Як Гітлер "заснаваў" Дзень студэнта

У 1939 годзе пасьля дваццаці год дэмакратычнага ладу Прага была акупаваная гітлераўскімі войскамі. У Чэхіі распачаліся акцыі пратэсту і забастоўкі на заводах. Аднымі з найбольш актыўных удзельнікаў гэтых акцый сталі студэнты, якія пазьней жорстка паплаціліся за гэта: Гітлер на тры гады зачыніў усе ВНУ Чэхі:

«Загадваю спыніць працу чэскіх ВНУ на тры гады. Любыя дэманстрацыі адразу ж разганяць… Я не пабаюся нават паставіць на вуліцах гарматы. У кожную купку людзей будуць страляць з кулямётаў. Калі адбудзецца яшчэ хоць якая дэманстрацыя, я зраўняю Прагу зь зямлёй…» , — загадаў Гітлер.

У выніку ў ноч з 16 на 17 лістапада прайшлі масавыя затрыманьні лідэраў студэнцкага руху. Усе ВНУ былі зачыненыя і перададзеныя нямецкім войскам. А праз два гады пасьля трагічных падзеяў 17 лістапада ў Лёндане прайшоў сход прадстаўнікоў студэнцкіх арганізацыяў 26 краінаў, дзе было вырашаны кожны дзень адзначаць Дзень студэнта».

Чытайце болей пра гісторыю Дня студэнта

«Калі нам распавядаюць пра Вялікую айчынную, дык там узгадваньне галоўнага фашыста не лічыцца чымсьці зьняважлівым для памяці загінулых на фронце. Такім чынам можна забараніць выкарыстоўваць і многія іншыя словы, прозьвішчы, імёны…», — піша Міхась Матусевіч.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.