«Ляпісы» прасьвятлілі Віцебск

Тры тысячы чалавек прыйшлі на віцебскую прэзэнтацыю яшчэ нідзе не даступнага і цалкам нячутага новага альбому «Ляпіса Трубяцкога» «Весёлые картинки». На канцэрце «стары» Міхалок змагаўся зь Міхалком новым. А перамагла вера.

«Ляпіс Трубяцкой» па незразумелай прычыне вельмі любіць Віцебск. Тут некалькі гадоў таму быў прэзэнтаваны, як пазьней высьветлілася, эпахальны «Маніфэст», цяпер вось музыкі выбраліся ў буйнейшы клюб Беларусі «Энэргія» каб сабраць 3 тысячы чалавек на новую праграму, якая збольшага складаецца з ужо вядомых рэчаў, хаця і пазыцыянуецца як прэзэнтацыя новага альбому.

«І ніякіх вам Славянскіх базараў», — прыгадаў надзённую праблему віцебскага культурнага жыцьця выйшаўшы на сцэну прадусар Віталь Броўка. Ён прэзэнтаваў брэсцкі разагрэў «Ляпісу» — гурт «Дай дарогу». Хлопцы адразу пачалі какетнічаць з заляй, паабяцаўшы сысьці троху хутчэй. Хаця ў выніку ня ўсе гледачы пагадзіліся нават праз 40 хвілін адпусьціць гурт дамоў.

Канцэрт у Віцебску стаў чацьвёртым у туры «Ляпісаў», які распачаўся зь беларускіх гарадоў некалькі дзён таму. Канца туру пакуль ня бачна, як і не вядомая дакладная дата выхаду «Вясёлых карцінкак». Музыкі кажуць пра вясну, узмоцнена дапрацоўваючы апошнія кампазыцыі (іх будзе 12) і рыхтуючы да выхаду кліп на кампазыцыю «Я веру».

Сам сынгл «Я веру» ўжо быў прэзэнтаваны ў Сеціве два тыдні таму, але яго канцэртная вэрсія гучыць асобна нават ад іншых новых песень. У ёй Міхалок, што завецца, рве душу, падымаючы ўсе першасныя пытаньні сусьветнай сьветабудовы, лёгка сплятаючы ў адным тэксьце Хрыста, Буду і гук, які, падаецца, мае ня меншы за гаўтамаўскую прасьветленасьць і ўзрост. Месца аднатыповых чырвоны лёзунгаў, крыху штучных і дакладна гіпэрбалізаваных займае нейкая, як падаецца на першы погляд, паверхневая эзатэрыка расчараванага ў эстэтыцы белых каўнераў гарадзкога паэта. Хаця, калі ўгледзецца ў вочы Сяргея Міхалка, можна паверыць, што нарэшце ён кажа і сьпявае пра тое, што не дае яму ўтульна спаць і сытна харчавацца.

«Талерантнасьць і цярпімасьць: будзьце адзін да аднаго добразычлівымі і пакрытычней да саміх сябе. Сябры! Эвалюцыя чалавека — гэта пастаянныя сумневы, а не нейкія перакананьні, — прапаведуе са сцэны рознакалібэрнай віцебскай публіцы Сяргей Міхалок. — Давайце любіць адзін аднаго, радавацца, весяліцца, піць напоі, паліць дым», — публіка пазытыўна рэагуе на апошнюю формулу, а ў астатнім бачна, што многім уласна пофігу, што там Міхалок новага ў сваіх духоўных пошуках вынайшаў.

Але калі песьні гурту ўсё яшчэ ўнівэрсальныя, то больш працяглыя інтэрвію і прамовы Міхалка слухаць без спэцыяльнай адукацыі ўжо ня так лёгка. Калі коратка выкласьці цяперашнія вераваньні (асабліва інтымныя і выключна індывідуалістычна-мэтадалягічныя), то атрымліваецца прыкладна такая карціна: мы — сьляпыя кацяняты, навокал — багна, якая бурліць, і адзінае, на што мы вартыя і што нам трэба неадкладна зрабіць — знайсьці ўласны шлях.

Для меней цямлівых Міхалок перастрахоўваецца, і падкрэсьлівае, што «нікога ні да чаго не заклікае, а толькі адгаворвае», а выступ «Ляпісаў» бясспрэчна ўзгоднены з Папай Бэнэдыктам (даслаў вітальную тэлеграму) і праходзіць у адпаведнасьці з 10 запаветамі.

Урэшце рэшт аўтар самай пацыфісцка-палітычнай беларускай песьні апошняга часу «Грай», Міхалок не вытрымлівае і зьвяртаецца пад канец выступу да тэмы «краіны пірамідаў». Праўда, усьлед за гэтакімі вольнымі словамі гучыць чамусьці не Belarus Freedom, а нешта пра «тлустых каралёў», што канешне інтэрнацыянальна, але ня так інтымна, як хацелася б. Дарэчы, «Фрыдам» ні на віцебскім, ні на папярэднім гарадзенскім канцэрце не гучыць.

Ва ўсёй гэтай мешаніне «смугі жыцьцёвых клопатаў», «русалак» і «Гаўтам», дуд і філязофскіх трактатаў паролем да расшыфроўкі сэнсу, пэўна, мусяць стаць праклятыя карцінкі: голы Міхалок з «блядзкімі губішчамі» на вокладцы альбому і бясконца мілы, нейкі дзіцячы нават кліп на ня менш мілую песьню «Я веру». Кліп, дарэчы, ужо некалькі гадзін як даступны ў Сеціве.

Паезьдзіўшы яшчэ крыху па Беларусі (наступны канцэрт «Ляпіс Трубяцкі» будзе граць у Баранавічах 16 лютага), музыкі адправяцца ў тур па суседніх краінах. У Менску «Ляпісы» дадуць адразу два канцэрты 1 і 2 красавіка.

Глядзіце і чытайце таксама: 

«Ляпіс Трубецкой» у віцебскім клюбе «Энэргія» (фотарэпартаж)

Міхалок: пакуль пісалі «Весёлые картинки», сыходзіў у запой два разы



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0929 seconds.