N.R.M. запісалі песьню ў падтрымку «Аўтарадыё» (аўдыё)

Гурт N.R.M. запісаў песьню, прысьвечаную нядаўна закрытаму «Аўтарадыё». У запісе песьні прыняла ўдзел праграмны дырэктар станцыі Ірына Львова.

12 студзеня быў спынены эфірны выпуск «Аўтарадыё». Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні прыняла рашэньне аб ануляваньні права станцыі на радыёвяшчаньне ў сувязі з невыкананьнем падпункта 1.3 пункта 1 артыкула 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі», што «выявілася ў невыкананьні творчай канцэпцыі і распаўсюджваньні ў эфіры інфармацыі, якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці». Ужо 17 студзеня кіраўніцтва радыёстанцыі падало пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд, каб аспрэчыць рашэньне камісіі. Чарговае паседжаньне па зыску «Аўтарадыё» адбудзецца 9 сакавіка.


Канцэртная прэзэнтацыя песьні прайшла на нядаўняй Рок-каранацыі ў Рэактары

Для ўсіх прыхільнікаў «Аўтарадыё» закрыцьцё станцыі стала непрыемнай нечаканасьцю.

«Скажу шчыра: я іншыя радыёстанцыі ніколі ня слухаў, хоць і спрабаваў. І для мяне адсутнасьць „Аўтарадыё“ — гэта сур’ёзная страта, — тлумачыць гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў. — Неяк пасьля закрыцьця станцыі прыйшоў наш бубнач Алезіс Дземідовіч і прапанаваў напісаць песьню пра „Аўтарадыё“. У нас ужо была гатовая мэлёдыя і аранжыроўка, а тэкст мы напісалі літаральна за хвіліны, пасьля таго, як зьявілася ідэя».

Прыняць удзел у запісе песьні гурт прапанаваў праграмнаму дырэктару «Аўтарадыё» Ірыне Львовай.

«Гэта была нечаканая прапанова. Раней музычны вопыт у мяне быў, але гэта было даўно, таму прасьпяваць было вельмі хвалююча, — кажа Ірына. — Дзякуй вялікі N.R.M., што яны зрабілі такую песьню. Нам цяпер важная любая падтрымка. Мы настроены пазытыўна».

«Аўтарадыё» — першая радыёстанцыя на тэрыторыі Беларусі, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. З 1992 да 1995 году станцыя працавала толькі на частаце 67.7 УКХ, пасьля чаго мела перапынак да лета 1999 года. Затым зноў вяла вяшчаньне на названай частаце, а 4 сьнежня 2001 года была афіцыйна запушчана паралельная частата 105.1 FM. «Аўтарадыё» зьяўляецца адзінай у Беларусі прыватнай радыёстанцыяй, якая мае ўласныя FM-перадатчыкі і антэну.

Песьня N.R.M. «Аўтарадыё»

17:30, 02/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2106 seconds.