Адкуль беларускія hi-tech-цэнзары пераймаюць досьвед

За жахлівымі падзеямі вечару 11 красавіка іншая важная навіна сышла ў цень, магчыма, самая істотная для беларускага Інтэрнэту з часу яго ўзьнікненьня. Упершыню афіцыйна беларускія ўлады прызналі, што распачалі блакіроўку двух навінавых сайтаў. Пакуль гаворыцца толькі пра два сайты і толькі ў дзяржаўных установах. Мы прааналізавалі практыку абмежаваньня доступу да «нязручных» сайтаў, што ўласьцівая для аўтарытарных рэжымаў па ўсім сьвеце, каб уявіць, куды за перайманьнем досьведу накіроўваюць сваіх «спэцыялістаў» беларускія hi-tech-цэнзары.

Афіцыйныя паведамленьні аб блакіроўцы сайтаў «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», якія ў дзяржаўнай прэсе прынята называць апазыцыйнымі, зьявіліся за некалькі гадзін да выбуху ў менскім мэтро. Аднак першыя зьвесткі пра праблемы з доступам да Хартыі з сеткі Акадэміі навук BASNET зьявіліся яшчэ 10 красавіка.

Цяпер афіцыйна доступ да Хартыі і Партызану зачынены зь дзяржаўных устаноў, устаноў адукацыі і культуры.

«На гэтых сайтах у лістападзе і сьнежні 2010 года зьяўлялася інфармацыя, што не адпавядае заканадаўству», — заявілі ў Генэральнай пракуратуры і абрубілі доступ. Праўда, рукамі Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, які цяпер многія называюць бадай што не самай моцнай беларускай спэцслужбай.

Законную падставу дзяржаўным органам блякаваць доступ да сайтаў даў нашумелы указ прэзыдэнта аб рэгуляваньне Інтэрнэту. У адпаведнасьці зь ім у Сеціве забаронена распаўсюджваць інфармацыю экстрэмісцкай накіраванасьці, што прапагандуе гвалт і жорсткасьць, а таксама іншую інфармацыю, што не адпавядае заканадаўству.

Паводле словаў начальніка ўпраўленьня Генэральнай пракуратуры па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьці прававых актаў Паўла Радзівонава, празь «Беларускі партызан» і «Хартыю’97» распаўсюджвалася менавіта інфармацыя, што не адпавядае заканадаўству, у тым ліку заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Акрамя таго, пішуць naviny.by, карыстальнікі гэтых парталаў дапускалі выказваньні, якія абражаюць чыноўнікаў, «а людзі, што адказваюць за разьмяшчэньне на сайтах інфармацыі, ніяк не рэагавалі на праявы хамства».

Паводле прадстаўніка Генпракуратуры, якая выдала яшчэ 23 сакавіка дазвол на блякіроўку сайтаў, у Беларусі ўжо болей за 20 такіх парталаў, доступ да якіх па ідэі абмежаваны. Аднак поўны іх сьпіс дагэтуль не апублікаваны:

«Падобная практыка ў Беларусі толькі фармуецца. У іншых краінах гэта ўжо ёсьць. Пэўныя абмежаваньні павінны быць. Калі людзі будуць мець доступ да рэсурсаў, што прапагандуюць экстрэмізм і парнаграфію, грамадзтва больш дасканалым ня стане».

Інтэрнэт-цэнзура: як там?


Чырвоным пазначаныя краіны, дзе існуюць вялікія праблемы са свабодай Інтэрнэту

Беларусь ужо другі год праходзіць па дакумэнтах міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры бязь межаў» як вораг Інтэрнэту. Арганізацыю занепакоіў згаданы ўказ Лукашэнкі, а таксама DDoS-атакі ў час грамадзкіх хваляваньняў на незалежныя навінавыя рэсурсы.

Паводле сьпісу «Рэпарцёраў», кожны трэці жыхар плянэты сутыкаецца з абмежаваньнем Сеціва. У выніку наша краіна чарговы раз апынулася ў ня вельмі прыязнай кампаніі іншых «ворагаў»: Бірма, Турцыя, Кітай, Пакістан, Віетнам, Расея. Зрэшты, ён ня поўны, бо цяпер мінімум 40 краін у сьвеце ў вялікім маштабе абмяжоўваюць дадзеныя, што перадаюцца па Сеціве. Аднак у чарговай справаздачы арганізацыі па тэме інтэрнэт-свабод Беларусь засталася ў сьпісе краін «пад наглядам»: усё можа быць нашмат горш.

Кітай — жыцьцё бяз Фэйсбуку

Самым вялікім ворагам Сеціва, да якога Беларусі яшчэ расьці не дарасьці, дакладней, блякаваць і блякаваць, зьяўляецца Кітай. Там ня тое што апазыцыйныя навіны не пачытаеш, нават пэўныя словазлучэньні ў пошукавіках ня знойдзеш. Нават з поштай Gmail цяпер узьнікаюць праблемы: мясцовыя спэцслужбы прагнуць пачытаць перапіску кітайскіх праваабаронцаў, але Google не пагаджаецца яе выдаць.

Інтэрнэт у Кітаі адчувае жорсткую цэнзуру: у гэтай краіне цалкам зачынены доступ да Facebook, YouTube і Twitter, а ў лютым была нават заблякаваная дзелавая сацыяльная сетка LinkedIn.

А тыя няцямлівыя праваабаронцы, што ўсё ж спрабуюць абысьці гэту забарону, падлучыўшыся праз замежныя проксі-сэрвэры і каардынуючы сваю дзейнасьць у сацыяльных мэдыях, нярэдка аказваюцца ў папраўча-працоўных лягерах. Зрэшты, самы надзейны мэтад выйсьця ў Фэйсбук — набыць на пэўны час замежны VPN. Альбо ўсталяваць праграму накшталт TOR. Робяць такія рэчы звычайна прасунутыя карыстальнікі. Большасьці, пэўна, не да таго: сям’ю карміць трэба.

У мінулым месяцы Google заявіла, што ўлады КНР блякуюць працу паштовага сэрвісу Gmail, спрабуючы падавіць хвалю дысыдэнцкага руху ў Кітаі. Тады інтэрнэт-гігант казаў, што карыстальнікі адчувалі праблемы з адпраўкай і атрыманьнем лістоў, а таксама не маглі адзначыць іх як непрачытаныя.

Бірма — вораг нумар адзін

Галоўны вораг Сеціва ў сьвеце, паводле «Рэпарцёраў бязь межаў» — гэта Бірма яшчэ вядомая як М’яньма. У гэтай краіне ня толькі дзьве назвы, але і два Інтэрнэта: зьнешні, даступны ня многім, і ўнутраны, вольны ад розных «экстрэмісцкіх элемэнтаў» і «інфармацыі, што не адпавядае заканадаўству».

Даступнасьць сусьветнага павуціньня абмяжоўвае яго хуткасьць: канал у 512 кб/c у інтэрнэт-кавярнях вымушаныя дзяліць паміж сабой ад 10 да 15 кліентаў адначасова. З такой хуткасьцю каб адаслаць звычайны дадатак да і-мэйлу спатрэбіцца каля гадзіны. Але гэта пры ўмове, што электронная пошта — на афіцыйным сэрвэры Ymail. Карыстацца іншымі сэрвісамі электроннай пошты, акрамя як дзяржаўнай, забаронена.

Вядома, у інтранэце (унутраным Сеціве) блякуюцца ўсе непажаданыя сайты: ад праваабарончых і навінавых да сайтаў, дзе прадастаўляецца інфармацыя аб замежных стыпэндыях. Затое, у Бірме будуецца ўласная крэмніевая даліна, спэцыялісты якой ужо які год распрацоўваюць адзіны дзяржаўны бірманскі партал.

Апошняя «дасягненьне» бірманскіх уладаў — забарона Скайпу і іншых VoIP-кліентаў. Гэта асабліва адчувальна, бо мабільная сувязь у краіне вельмі дарагая, толькі мабільны нумар там каштуе каля 1 700 даляраў бяз кошту самой слухаўкі, таму жыхары краіны засталіся фактычна бязь каннэкту са зьнешнім сьветам. Чаго толькі ня зробіш дзеля стабільнасьці.

Куба — «Чорны рынак Сеціва» на Высьпе свабоды

Куба займае 3 месца ў рэйтынгу краін, дзе найбольш старанна цэнзуруецца Інтэрнэт. На Высьпе свабоды ўсе інтэрнэт-правайдэры належаць дзяржаве. Кантралююцца як сайты, так і электронная пошта, а доступ да замежнага Сеціва дазволены толькі некалькім абраным ды турыстам у гатэлях.

Хаця гэта яшчэ ня так дрэнна, як было пару гадоў таму, гаворыцца ў справаздачы «Рэпарцёраў». Да 2008 году на Кубе продаж розных электронных цацак, у тым ліку мабільнікаў і кампутараў, быў забаронены ўвогуле.

З часам крыху кубінцаў усё ж далучыліся да Сеціва. Але Інтэрнэт на высьпе, паводле словаў аднаго зь яе бязьзьменных кіраўнікоў, «служыць абароне рэвалюцыі».

У выніку такіх абмежаваньняў на Кубе зьявіліся нябачныя раней нідзе праявы сапраўднага інтэрнэт-сацыялізму: чорны рынак Сеціва і замежных сімак для безпраблемнага доступу да Твітэра.

Так, многія дысыдэнты выкарыстоўваюць флэшкі, якія перадаюцца з рук у рукі, каб нарэшце тыя патрапілі ў адзін з гатэляў, дзе існуе магчымасьць адаслаць патрэбную інфармацыю за мяжу. Для тых, хто мае грошы, ёсьць рынак пароляў і логінаў, якія дазваляюць выйсьці ў Сеціва фактычна без цэнзурных абмежаваньняў. Кожны электронны ліст, адасланы гэткім чынам, каштуе да 1 даляра. Карыстальнікі лічаць больш бясьпечным карыстацца такімі мэтадамі сувязі па начох.

А пакуль і сайты «Хартыя’97», і «Беларускі партызан» даволі ўдала адкрываюцца на тэрыторыі менскіх унівэрсытэтаў. Праз Wi-Fi сетку, пабудаваную дзяржаўным манапалістам Белтэлекамам. Самі заблякаваныя рэсурсы для абыходу абмежаваньняў на доступ раяць выкарыстоўваць браўзэр Opera з турбарэжымам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0733 seconds.