Нагрузка на мабільную сетку пасьля тэракту вырасла на 50%

МТС заявіў, што ў першыя гадзіны пасьля тэракту ў Менску абанэнты рабілі на 50% болей званкоў, чым звычайна. Ня гледзячы на намаганьні спэцыялістаў, адразу справіцца з такой нагрузкай не атрымалася: у Менску былі збоі з сувязьзю. Адначасова апэратар life:) паабяцаў вярнуць грошы за ўсе адасланыя SMS у ноч пасьля тэракту.


Пасьля выбуху менчукі адчулі праблемы з сувязьзю. Фота Юля Сакалоўская

Апэратар МТС паведаміў, што ў першыя гадзіны пасьля тэракту нагрузка на сетку ў Менску павялічылася на 50%. Найбольшы рост трафіку быў зафіксаваны з 19 да 21 гадзіны.

Супрацоўнікамі кампаніі былі апэратыўна прынятыя меры для павелічэньня прапускной здольнасьці сеткі. Для гэтага быў адключаны шэраг дадатковых функцый, паведамляе Onliner.by.

Нягледзячы на гэта, датэлефанавацца ў першыя гадзіны пасьля выбуху ў мэтро на мабільныя было вельмі цяжка. Праблемы з сувязьзю ў сталіцы адчуваліся і сёньня ў першай палове дня пасьля памылковых паведамленьняў аб паўторных выбухах.

Таксама апэратар life:) у сувязі з трагічнымі падзеямі 11 красавіка прыняў рашэньне не спаганяць плату за SMS на нумары абанэнтаў мабільных апэратараў life:), velcom і МТС з 21:00 11 красавіка да 09:00 12 красавіка, а таксама плату за званкі ўнутры сеткі life:) на ўсіх тарыфных плянах з 22:00 11 красавіка да 09:00 12 красавіка.

Апэратар абяцае вярнуць патрачаныя грошы цягам 12 красавіка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1311 seconds.