Менскія студэнты будуць езьдзіць бясплатна, — думае мэр

Студэнты не дачакаліся льготаў на праезд

Менскім студэнтам могуць прадаставіць бясплатны праезд у транспарце. Рашэньне аб гэтым будзе прынятае не пазьней за панядзелак, заявіў сёньня менскі мэр Мікалай Ладуцька.

Як перадае Белта, Лукашэнка даручыў прааналізаваць, ці ёсьць магчымасьці ў гарадзкіх уладаў для ўвядзеньня бясплатнага праезду для сталічных студэнтаў. «Усё ж яны актыўна перасоўваюцца па горадзе, у нас вучацца 120 тысячаў студэнтаў дзённых аддзяленьняў ВНУ», — сказаў кіраўнік Менску.

Мікалай Ладуцька адзначыў, што такая магчымасьць існуе ў межах той датацыі, якая вылучаная гарадзкім бюджэтам, для працы грамадзкага транспарту. «Прынцыпова такая магчымасьць у бюджэце ёсьць. Не пазьней за панядзелак такое рашэньне будзе прынятае», — сказаў Мікалай Ладуцька.

Улады нечакана шмат пачалі клапоціцца аб студэнцкім дабрабыце. Днямі зьявіўся прэзыдэнцкі ўказ, які задняй датай мяняй парадак налічэньня стыпэндый (зрэшты, памер выплатаў гэта не зьмяніла). У процівагу гэтаму з 1 верасьня ва ўнівэрсытэтах зноўку значна ўзьнятая плата за навучаньне, абяцаюць падняць плату за пакой ў інтэрнаце ў некалькі разоў.

У сьнежні ў разгар перадвыбарчай кампаніі Лукашэнка таксама загадаў падумаць над вяртаньнем студэнтам льготаў на праезд. Тады ў многіх гарадах Беларусі студэнтам было вернутае права на бясплатны праезд. Але неўзабаве яго зноўку пачалі адбіраць. І вось, цяпер новы паварот эпапеі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1272 seconds.