Стаць міністрам у 26 гадоў

26-гадовы Тор Педэрсэн заняў пасаду міністра па падатках у новым урадзе Даніі, дзякуючы чаму стаў самым маладым міністрам за ўсю гісторыю гэтага невялікага каралеўства. Урад, у які ўвайшоў Педэрсэн, называюць экспэрымэнтальным і нават дзіўным: іншыя яго сябры збольшага не нашмат старэйшыя за свайго калегу, а вопыту дзяржаўнай дзейнасьці ў іх яшчэ меней.


Самы малады міністар за гісторыю краіны, 26-гадовы Тор Педэрсэн у час сваёй перадвыбарчай кампаніі ў парлямэнт

Неверагодна малады і неймаверна нявопытны ў справе грамадзкага кіраваньня ўрад Даніі ўзначаліла першая жанчына-прэм’ер, сацыялістка Гелен Торнінг-Шміт. Таму акрамя эпітэтаў «экспэрымэнтальны» да гэтага ўраду ўжываюць яшчэ і прыметнік «левы». Болей за тое: некаторыя яго сябры мелі за плячыма сяброўства ў кампартыі (адзін зь іх будзе кіраваць міністэрствам бізнэсу і эканамічнага росту).

Як адзначае «Камэрсант», Торнінг-Шміт (гэтую сацыялістку за любоў да дарагіх і прыгожых рэчаў празвалі Гучы-Гелен) запрасіла ва ўрад нябачную раней колькасьць маладых і нявопытных людзей. Толькі два сябры кабінэту, міністар эканомікі і ўнутраных спраў Маргрэтэ Вэстагер і міністар транспарту Генрык-Дам Крыстэнсэн, раней мелі досьвед працы ва ўрадзе на міністэрскіх пасадах.

На адну з ключавых (улічваючы цяперашнюю сытуацыю ў сьвеце, Эўропе і Даніі) пасадаў, міністра фінансаў, прызначаны 38-гадовы Бьярне Карыдон, які раней наогул ня меў вопыту дзяржаўнай альбо фінансавай дзейнасьці. Ён быў кіраўніком апарату Торнінг-Шміт у тыя часы, калі тая сама была толькі лідэрам апазыцыі. У сваю чаргу, 44-гадовы Ману Сарын стаў першым мужчынам, якія заняў пасаду міністра па справах роўнасьці і, акрамя таго, першым дацкім міністрам-імігрантам (ён нарадзіўся ў Індыі).

Агулам ва ўрад увайшлі 23 чалавекі, чатыром зь якіх няма 33 гадоў. Зрэшты, па меркаваньні самай Торнінг-Шміт, яе ўрад — лепшы за ўсю гісторыю краіны.
Тым часам малады ўрад ужо паабяцаў зрабіць пазытыўныя зьмены ў міграцыйнай палітыцы: зьняць часовы памежны кантроль на сваіх межах, што зьявіўся з наплывам ўцекачоў з арабскага сьвету з пачаткам рэвалюцый у гэтых краінах.

Дарэчы, сярэдні ўзрост беларускага ўраду  50 гадоў. А самым маладым міністрам у гісторыі нашай краіны быў Павал Латушка, якога прызначылі на пасаду міністра культуры ў 36 гадоў. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0666 seconds.