Улады захваляваліся эміграцыяй зь Беларусі

Прэм’ер-міністар прызнаў, што вялікая колькасьць беларусаў падумвае над ад'ездам альбо ўжо выехала за мяжу. Аднак новых прапановаў па выпраўленьні сытуацыі не зрабіў. Адзінае, на што абяцае цяпер урад — гэта падвысіць заробак тым, хто яшчэ ня зьехаў, але ў бліжэйшы час можа гэта зрабіць.

Эміграцыя

«Мы занепакоеныя міграцыяй, гэта праблема няпростая, і вырашаць яе трэба з улікам таго, што акрамя зарплаты ёсьць і іншыя стымулы для стрымліваньня выезду спэцыялістаў у іншыя краіны. У першую чаргу, будаўніцтва жыльля», — заявіў на паседжаньні ўраду прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч.

Намесьнік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка дадаў, што адток высокакваліфікаваных кадраў можа набыць характар канца 90-х гадоў, калі заробак быў ніжэйшы за 100 даляраў, і кваліфікаваная працоўная сіла перацякала ў бліжэйшыя краіны, дзе плацілі болей, піша БелТА.

Гэта першы выпадак прызнаньня праблемы эміграцыі беларусаў на такім высокім узроўні з пачатку крызысу. Найбольш прэм’ер-міністра непакоіць «адток кадраў у будаўнічай галіне, машынабудаваньні і па шэрагу іншых дэфіцытных спэцыяльнасьцяў».

Але прычына ўцёкаў з краіны, па традыцыі, знойдзеная за мяжой. Па-першае, «гэты працэс ахапіў увесь сьвет». Па-другое, вінаватыя высокія заробкі ў Расеі ды Адзіная эканамічная прастора зь ёй, якая яшчэ і на поўную не запрацавала .

Па словах Мясьніковіча, ідзе працэс збліжэньня цэн паміж Расеяй і Беларусьсю, але і даходы грамадзян таксама павінныя зьбліжацца. «Вядома, нам гэта будзе складана зрабіць, — прызнаў прэм’ер-міністар. — Тут патрэбны выбіральны падыход па тых катэгорыях, якія могуць найбольш хутка «стаць на крыло».

Беларусы хочуць жыць у ЗША, а едуць у Расею

Афіцыйная статыстыка зьехаўшых з краіны часова альбо на пастаяннае жыхарства не вядзецца. Зрэшты, яшчэ ў 2010 годзе, паводле дадзеных глябальнага дасьледаваньня агенцыі Gallup, Беларусь займала трэцяе месца сярод краін СНД па жаданьні зьехаць з краіны.


Беларусы думаюць пра эміграцыю ўсё часьцей. Дадзеныя НІСЭПД

Пасьля выбараў войска жадаючых пакінуць краіну значна вырасла. Увесну 2011 году на пытаньне: «Як Вы думаеце, ці могуць маладыя людзі сёньня зрабіць пасьпяховую кар’еру ў Беларусі» 44.9% апытаных адказалі «Не, для гэтага моладзі лепей ехаць у іншую краіну». Два гады таму прыкладна кожны трэці беларус лічыў, што пасьпяховай кар’еры моладзь тут не збудуе.

Болей за ўсё беларусы хацелі б сёньня пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Нямеччыну і ЗША. Гэтага жадаюць 26.03% апытаных (у чэрвені 2006 г. такіх было на 8% меней).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0723 seconds.