Плату за адукацыю ўзьнялі — студэнты выйшлі на вуліцы

У Чылі, Вялікабрытаніі і Калюмбіі прайшлі вялізныя выступы студэнтаў, зьвязаныя з занадта высокімі коштамі на адукацыю. Дзесьці іх падвышаюць, і студэнтам тое не падабаецца, а дзесьці не жадаюць зьмяншаць. Усё гэта выклікае гнеўную рэакцыю маладых людзей, некаторыя зь якіх у мітынговым запале ўступаюць у бойкі з паліцыяй. Аднак пэўных посьпехаў студэнты ўсё ж дамагаюцца.

Чылі: доўгае супрацьстаяньне


ФотаAFP

Тысячы студэнтаў, якія патрабуюць павелічэньня дзяржаўных выдаткаў на адукацыю, у сераду выйшлі на вуліцы чылійскага партовага гораду Вальпараіса, каля 20 пратэстуючых затрыманыя паліцыяй, паведамляе AP.

Большасьць дэманстрантаў паводзілі сябе мірна, аднак некаторыя пачалі кідаць камяні і іншыя прадметы ў ахоўнікаў парадку, якія ў адказ ужылі вадамёты і сьлезацечны газ. Пацярпелі некалькі паліцыянтаў.

Па дадзеных арганізатараў, на дэманстрацыю выйшлі да 15 тысяч чалавек, паліцыя паведаміла аб 5 тысячах.

У гэты час каля 60 чалавек прарваліся ў будынак мэрыі Сант’яга і паспрабавалі вывесіць на бальконе транспаранты, аднак іх дзеяньні спынілі супрацоўнікі паліцыі. Больш за 40 удзельнікаў акцыі, сярод якіх навучэнцы ліцэяў і каледжаў, былі затрыманыя.

Марш у Вальпараіса павінен быў прадэманстраваць падтрымку лідэрам студэнцкага руху, якія ўпершыню з пачатку пратэстаў у траўні сустрэліся зь сябрамі чылійскага кангрэса, каб прадставіць ім свае патрабаваньні. Пачатак перамоваў з уладамі студэнты разглядаюць як адназначную перамогу, да якой яны ішлі праз доўгія месяцы вулічных баёў, захопаў дзяржаўных установаў і жыцьця ў намётах.


Фота Reuters


Фота Reuters

Адукацыя ў чылійскіх ВНУ лічыцца адной з самых дарагіх у сьвеце. Студэнтам даводзіцца самастойна аплочваць 85% яе кошту, для чаго многія вымушаныя браць крэдыты да 60 тысячаў даляраў. Практычна бясплатная адукацыю прадастаўляецца толькі самым малазабясьпечаным.

Лёндан: усе супраць падвышэньня аплаты


REUTERS Suzanne Plunkett

У Лёндане, Вялікабрытанія, прайшоў марш студэнтаў, якія пратэстуюць супраць падвышэньня кошту навучаньня ва ўнівэрсытэтах, паведамляе BBC News. Паводле ацэнак паліцыі, у ім узялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек, 24 пратэстоўцы затрыманыя. Парадак у горадзе забясьпечвалі каля 4 тыс. супрацоўнікаў паліцыі. Пасьля леташніх акцыяў студэнтаў супрацоўнікам правапарадку дазволілі ў «экстранных сытуацыях» выкарыстоўваць плястыкавыя кулі, што на іх думку, можа спыніць гвалт.

Студэнцкі пратэст арганізаваны рухам «Нацыянальная кампанія супраць аплаты і скарачэньняў», які выступае супраць «рынкавай» сыстэмы адукацыі, якая прадугледжвае практычна поўную аплату кошту адукацыі пры скарачэньні дзяржаўных выдаткаў і месцаў ва ўнівэрсытэтах, паведамляе «РІА Навіны».

Студэнты ангельскіх унівэрсытэтаў з 2012/13 навучальнага года сутыкнуцца з прыкладна трохразовым падвышэньнем платы за адукацыю, зь цяперашніх 3 тысячаў фунтаў стэрлінгаў да 9 тысячаў фунтаў у год. Дакладная плянка аплаты ўсталёўваецца кожным унівэрсытэтам самастойна, але ўжо болей за 60 ВНУ, уключаючы самыя прэстыжныя, абвясьцілі аб намеры падвысіць аплату да максымальнай магчымай мяжы ў 9 тысяч.


REUTERS Andrew Winning

Між тым, брытанскі ўрад напярэдадні акцый запэўніў, што самыя бедныя студэнты могуць атрымаць падтрымку дзяржавы: крэдыт ці льготы. Калі пажадаюць, вядома.

Аб гэтым на тэлебачаньні

Калюмбія: тысячы на тысячу


Фота John Vizcaino/Reuters

Тысячы студэнтаў выйшлі на вуліцы Калюмбіі ў знак пратэсту супраць прапанаванай уладамі рэформы вышэйшай адукацыі. Нягледзячы на заяўлены мірны характар дэманстрацыі, паліцыя ўжыла сьлёзатачывы газ для яе разгону.

Каля 500 тысячаў студэнтаў па ўсёй Калюмбіі правялі страйк супраць прапанаванай уладамі рэформы вышэйшай адукацыі. Акцыя, што прайшла 26 кастрычніка, стала трэцяй у сэрыі студэнцкіх пратэстаў у краіне. Для разгону дэманстрантаў паліцыя ўжыла сьлёзатачывы газ і вадзяныя гарматы, піша «Камэрсант». Арыштаваныя 15 чалавек.

Рэформа, на думку студэнтаў, прывядзе да прыватызацыі ВНУ і, у выніку, да пагаршэньня якасьці адукацыі і росту коштаў на навучаньне. Улады ж лічаць, што зьмены дазволяць пашырыць доступ да вышэйшай адукацыі.


Фота John Vizcaino/Reuters


Фота John Vizcaino/Reuters

У пратэстных рухах студэнтаў па ўсім сьвеце няма нічога новага: як толькі інтарэсы маладых закранаюцца чыноўнікамі, яны рэагуюць выхадам на вуліцы гарадоў. Што праўда, за ўдзел у мітынгах ім не пагражае адлічэньне з унівэрсытэтаў, выклікі у КДБ і крымінальны перасьлед. Цяжка сказаць, як павёў бы сябе на месцы беларускага студэнта чыліец ці брытанец, ці выходзіў бы ён на вуліцу, ведаючы верагодныя наступствы. Зрэшты, у выпадку ўзьняцьця адукацыйных коштаў на 75% за год, што адчулі апошнім часам студэнты беларускія, любы навучэнец задумаўся над пратэстам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0782 seconds.