Google распачаў фота-конкурс для студэнтаў

Браць удзел у конкурсе, які арганізаваны на плятформе Google+, можа літаральна кожны беларускі студэнт. Галоўным прызам для пераможцаў стане магчымасьць уласнай выставы ў Лёндане, а таксама «незабыўная вандроўка». Усё, што трэба для ўдзелу, — зьліць восем лепшых здымкаў у сацсетку Google.

Вялізны фотаконкурс Google праводзіць менавіта сярод студэнтаў як «найбольш актыўных у фотакам’юніці».

«Галоўны пераможца адправіцца ў незабыўную вандроўку, у якой яго будзе суправаджаць прафэсійны выкладчык фатаграфіі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Google .

Удзельнічаць у спаборніцтве можа кожны беларус, старэйшы за 18 гадоў, які мае студэнцкі білет і доступ да Сеціва. Дзеля гэтага ў Google+ трэба стварыць агульнадаступны альбом пад назвай Google Photography Prize, загрузіць туды фота, а пасьля перайсьці на старонку рэгістрацыі і паказаць спасылку на альбом, адзначыўшы адну з катэгорый — Я, Ежа, Падарожжы, Мода, Экшн, Вуліца, Спорт, Ноч, Гук/Цішыня, Кропка гледжаньня.

Канкурсантаў просяць вельмі ўважліва паставіцца да падбору работ, бо колькасьць фота ў альбоме абмежаваная васьмю, і ўсе яны павінныя быць зьвязаныя з абранымі тэмамі.

Лепшыя 100 здымкаў адбяруць куратары Saatchi Gallery. Іх аўтары атрымаюць прызы, а 10 найлепшых у кожнай катэгорыі разам са спадарожнікам адправяцца ў Лёндан, каб удзельнічаць у адкрыцьці ўласнай выставы ў Saatchi Gallery. Найлепшы ці найлепшая з гэтага дзесятку паедзе ў незабыўную вандроўку з гуру фота.

Прыём працаў будзе доўжыцца да 31 студзеня 2012 году. Пераможцаў абвесьцяць пасьля 23 траўня 2012 году.

Болей інфармацыі аб спаборніцтве можна знайсьці на яго афіцыйнай старонцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0796 seconds.