Амаль 10 мільёнаў за год навучаньня ў БДУ

Беларускія ўнівэрсытэты ўжо трэці раз за год уздымаюць плату за навучаньне. Гэтым разам — на чвэрць. У выніку адукацыя на найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцях БДУ абыдзецца першакурсьнікам у 9.4 мільёны ў год.

Адукацыя ў БДУ падаражэе яшчэ на 25%. Аб чарговым падвышэньні платы за навучаньне з ужо мінулага месяцу «Інтэрфаксу» паведаміла неназваная крыніца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Паводле яе, у залежнасьці ад спэцыяльнасьці гэты адсотак можа быць і меншы.

Цяпер першакурсьнікі найбольш прэстыжных спэцыяльнасьцяў БДУ — правазнаўства, эканомікі, усходняй філялёгіі — плацяць па 7.48 мільёны рублёў у год. Паводле рашэньня, якое чакае подпісу рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, зь лістападу студэнтам перагледзяць плату, падвысіўшы яе да рэкордных 9.36 мільёны.

У параўнаньні зь лістападам мінулага году студэнты БДУ стануць плаціць за адукацыю амаль у два разы болей.


Як у БДУ расьлі кошты на навучаньні за апошні год

У Акадэміі кіраваньня — рост 20%, у рэгіёнах — 25%

Таксама «Інтэрфакс» піша, што кошт навучаньня ў Інстытуце кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце з 1 лістапада 2011 г. для студэнтаў дзённага складзе 7.69 мільёны рублёў за навучальны год. Атрымліваецца, у гэтай навучальнай установе рост коштаў не перавысіць 20%.

А вось у Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна кошты вырастуць да максымуму, усталяваным для восеньскага падвышэньня Мінадукацыі — 4.3–4.9 млн. рублёў ці 25% ад сумы папярэдняй штогадовай аплаты. Аб гэтым піша «Брэсцкая газэта».

Падвышэньне платы за навучаньне ў Міністэрстве адукацыі звыкла тлумачаць узрослымі выдаткамі. У апошні месяц у краіне значна былі ўзьнятыя заробкі выкладчыкаў, вырасьлі камунальныя плацяжы.

Аб новых расцэнках на навучаньне іншыя ўнівэрсытэты абяцаюць абвесьціць бліжэйшым часам. Вядома, што рост ня будзе перавышаць столь, якую ўсталявала Мінадукацыі, — 25%. Аднак ВНУ самастойна могуць выбіраць дату, зь якой будзе пералічвацца плата за навучаньне — 1 кастрычніка ці 1 лістапада. У любым выпадку, студэнтам прыйдзецца даплочваць і за першы сэмэстар таксама.

Кастрычніцкае падвышэньне адукацыйных коштаў — ужо трэцяе за апошні год. Аб папярэднім было абвешчана толькі пару месяцаў таму — у жніўні. А першае, і пакуль самае вялікае, адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.