Які будзе штраф за прагляд ЖЖ?

Пасьля навагодніх сьвятаў у Беларусі пачнуць штрафаваць за адмову ад блякаваньня доступу да некаторых сайтаў. У сьпіс забароненых трапілі навінавыя рэсурсы «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», а таксама ЖЖ-блог Яўгена Ліпковіча.


Блогер Яўген Ліпковіч можа стаць прычынай штрафных санкцый супраць правайдэраў

Папраўкі ў заканадаўства, якія ўводзяць штрафы за адмову абмежаваць доступ да забароненых спэцслужбамі сайтаў, пачнуць дзейнічаць з шостага студзеня 2012 году. Паводле закону, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы будуць вымушаныя плаціць штрафы ад 10 да 30 базавых велічыняў (ці ад 350 да 1 050 тысячаў рублёў) за парушэньне патрабаваньняў указу № 60.

Сярод іншага гэты нашумелы ўказ, падпісаны ўлетку 2010 году, патрабуе абмяжоўваць доступ карыстальнікаў да сайтаў, забароненых у Беларусі. Такіх сайтаў у нашай краіне каля 35, большасьць зь іх — парнаграфічныя. Доступ да іх з красавіка гэтага году мусіць быць заблякаваны ва ўнівэрсытэтах, дзяржаўных арганізацыях, установах культуры.

Але ў лік непажаданых для прагляду парталаў трапілі і некаторыя папулярныя навінавыя рэсурсы, у тым ліку «Хартыя’97» і «Беларускі партызан», а таксама актуальны ў часы валютнага крызысу электронны абменьнік prokopovi.ch.

Калі правайдэр, што забясьпечвае доступ у Інтэрнэт, напрыклад, унівэрсытэцкаму корпусу, не заблякуе дзёньнік у Livejournal Яўгена Ліпковіча, то яго могуць абавязаць сплаціць штраф у мільён рублёў. Што цікава, акрамя Ліпковіча пад блякаваньнем апынулася яшчэ 300 блогаў, з адным IP-адрасам на усіх. Іх студэнтам ва ўнівэрсытэтах праглядаць таксама нельга.

Як паведамляюць СМІ, у некаторых ВНУ сапраўды стала цяжка атрымаць доступ да рэсурсаў са сьпісу забароненых. Хаця гэта ня тычыцца, напрыклад, доступу ў Інтэрнэт праз мабільныя тэлефоны. Апэратары мабільнай сувязі пакуль не блякуюць сайты са сьпісу. Ці абвінавацяць іх у парушэньні закону, мы зможам даведацца вельмі хутка.

Чытаць болей

Адкуль беларускія hi-tech-цэнзары пераймаюць досьвед

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.