Каханьне ў нігерыйскім стылі

Каханьне з крывавымі наступствамі стала прычынай дэпартацыі з краіны двух нігерыйскіх студэнтак Гомельскага мэдунівэрсытэту. За мінулы год болей за двух соцень студэнтак і студэнтаў з-за мяжы былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці.


Гэтыя ці то былыя баевікі, ці то ахвяры зь Нігерыі цяпер вучацца ў менскім БДУІР

У студзені ў пакоі інтэрната, дзе жылі 4 студэнткі зь Нігерыі, пачалася бойка. Дзяўчаты не падзялілі хлопца, які, як апынулася, сустракаўся зь імі абедзьвюма. Нігерыйкі пасварыліся, сталі кідацца адна ў адну каструлямі і іншым посудам. У нейкі момант адна з іх схапіла нож.

У выніку, раненьні адной зь дзяўчын былі кваліфікаваныя як лёгкае цялеснае пашкоджаньне.

«Гэта адміністрацыйнае правапарушэньне, па якім справа заводзіцца толькі ў выпадку заявы ад пацярпелага. Але дзяўчыны памірыліся», — пракамэнтаваў гісторыю газэце «Рэспубліка» кіраўнік гомельскага аддзелу Сьледчага камітэту Яўген Лісун.

Да бойкі абедзьве студэнткі вучыліся на падрыхтоўчых курсах Гомельскага мэдунівэрсытэту.

«У нас ва ўнівэрсытэце вельмі строга з дысцыплінай, таму пасьля таго, што здарылася, абедзьве нігерыйскія студэнткі вярнуліся на радзіму», — распавёў прарэктар па выхаваўчай і ідэалягічнай працы ВНУ Віктар Уманец.


Дадзеныя 2010 году

206 правапарушэньняў ад замежных студэнтаў

Зараз у Гомельскім мэдунівэрсытэце засталося 430 замежнікаў, 39 зь іх зь Нігерыі. У 2010 годзе Гомельскі мэдунівэрсытэт займаў шостае месца ў Беларусі па колькасьці замежных студэнтаў.

Між тым, колькасьць студэнтаў зь Нігерыі ў беларускіх унівэрсытэтах расьце штодня. Гэтак, некалькі тыдняў таму ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі зьявілася яшчэ адна група нігерыйскіх студэнтаў і студэнтак. Па адных дадзеных — былых баевікоў, што навучаюцца па праграме рэабілітацыі, па іншых — ахвяраў рэлігійнай варожасьці.

Гэтак сама расьце і агульная колькасьць замежных студэнтаў ва ўсіх беларускіх ВНУ. І гэтыя лічбы ўжо сталі адлюстроўвацца ў крымінальных зводках: за 2011 год у толькі ў Гомельскай вобласьці 206 замежных студэнтаў былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці. А 8 увогуле дэпартавалі.

Найбольш папулярнае парушэньне беларускага заканадаўства ў замежных студэнтаў — невыкананьне міграцыйных нормаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1162 seconds.