Беларускія студэнты сталі дыпляматамі ААН

У Менску завяршылася міжнародная студэнцкая канфэрэнцыя Беларуская мадэль Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ці Belamun. Гэта ролевая гульня па мадэляваньні ААН, якая праводзіцца ў кожнай краіне-сябры гэтай арганізацыі.

У панядзелак ранкам 67 беларускіх і замежных студэнтаў запоўнілі аўдыторыі Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, каб узяць удзел у вырашэньні галоўных праблем чалавецтва. Гэтым разам міжнародная студэнцкая канфэрэнцыя «Беларуская мадэль Аб’яднаных Нацый» была прысьвечаная тэме ўстойлівага разьвіцьця.

Мадэль ААН — ролевая гульня, якая праводзіцца ў кожнай краіне-сябры гэтай арганізацыі. Дэлегат (ім можа стаць кожны жадаючы) абірае згодна са сваімі зацікаўленасьцямі і ведамі камітэт (палітычны, эканамічны, камітэт па бясьпецы, камітэт па правах чалавека, камітэт па ахове навакольнага асяродзьдзя), у якім ён будзе прадстаўляць гэтаксама абраную ім краіну-удзеніцу ААН. Прадстаўляць сваю радзіму нельга.

Цягам двух дзён дэбатаў кожны камітэт мае падрыхтаваць рэзалюцыю па дадзеным загадзя пытаньні. У апошні дзень дэлегаты, якія прадстаўлялі адну краіну ў розных камітэтах, зьбіраюцца разам, каб абмеркаваць прынятыя рэзалюцыі: ці не супярэчаць пункты рэзалюцый палітыцы краіны, якую яны прадстаўляюць; што зьменіцца ў краіне пасьля прыняцьця рэзалюцыі, і ці варта наогул прымаць тую ці іншую рэзалюцыю. Абмеркаваньне праходзіць на ангельскай мове.

Падрыхтаваць рэзалюцыю…

«Мне пашчасьціла апынуцца ў самым цікавым камітэце. Ён займаўся рэзалюцыяй па ахове навакольнага асяродзьдзя, — кажа студэнтка Натальля. — Адзін дзень мы распрацоўвалі рэкамэндацыі зьмяншэньня забруджваньня ад здабычы карысных выкапняў, а на другі дзень перад намі паўстала праблема дэградацыі глебы. Два дні мы дыскутавалі, прапаноўвалі, спрачаліся, згаджаліся. Напрыканцы абсалютнай большасьцю нашы рэзалюцыі былі прынятыя».

«Belamun дае разуменьне, што калектыўныя патрэбы важнейшыя за асабістыя. Даволі цікава адчуваць сябе часткаю нечага вялікага, важнага, адчуваць, што ты, можа быць, зьмяняеш сьвет», — кажа адна з удзельніц канфэрэнцыі Сьвятлана, што вучыцца на першым курсе Факультэту міжнародных адносінаў БДУ.

Дарэчы, папрактыкавацца ў дыпляматычным майстэрстве захацелі найперш студэнты-міжнароднікі з БДУ. І збольшага, чамусьці, жаночага полу.

Паспрачацца…

Belamun — гэта магчымасьць ня толькі пазнаёміцца зь іншымі краінамі, палепшыць ангельскую мову, але і таксама папрактыкавацца ў аратарскім майстэрстве і ва ўменьні даказваць астатнім уласны пункт гледжаньня.

Некаторыя ўдзельнікі канфэрэнцыі адзначылі невысокі ўзровень падрыхтоўкі іншых дэлегатаў. Але гэта праблема вынікае з фактычнай адсутнасьці адбору ўдзельнікаў: ня трэба дасылаць матывацыю і пацьверджаньне аб валоданьні афіцыйнай мовай канфэрэнцыі — ангельскай. Таму пад пытаньнем застаюцца веды дэлегата аб прынятых ААН дакумэнтах па пэўнай праблеме, не правяраецца, наколькі дэлегат знаёмы з стаўленьнем «сваёй» краіны да праблемы.

«Трэба даваць шанец кожнаму, — тлумачыць афіцыйную пазыцыю арганізатараў, РГА «Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЕСКО», дырэктарка канфэрэнцыі Вольга Хабібуліна. — Мы лічым, што кожны, хто хоча ўдзельнічаць у канфэрэнцыі па мадэляваньні ААН, мае права ўзяць у ёй удзел. Якасьць падрыхтоўкі дэлегатаў — гэта турботы арганізатараў, мы павінны праводзіць больш майстар-клясаў пры падрыхтоўцы да канфэрэнцыі. Ці напрыклад больш камунікаваць з дэлегатамі праз сацыяльныя сеткі, і-мэйлы.

І ў Гаагу…

У апошні дзень усе дэлегаты абмеркавалі рэзалюцыі двух галоўных камітэтаў: палітычнага і эканамічнага. Усе яны, паводле правілаў канфэрэнцыі, будуць дасланыя на міжнародную студэнцкую канфэрэнцыю па мадэляваньні ААН у Гаазе, што ў Нідэрляндах.

Там дэлегаты таксама складуць свае рэзалюцыі і вырашаюць, якія пункты рэзалюцый зь якіх краін будуць дасылацца на цяпер ужо «дарослае» паседжаньне ААН.


Фотаздымкі: Belarusian Model United Nations

Наступныя канфэрэнцыя Belamun пройдзе ў сьнежні 2012 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 1.0776 seconds.